Вораг знойдзе сваю магілу на нашай зямлі

posted Dec 12, 2016, 6:08 AM by Адміністратар Навін   [ updated Dec 12, 2016, 6:08 AM ]

(Сьнежаньскі Сойм 2016 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

11 сьнежня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, -- “Усе на абарону Беларусі!” З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Партыі і Фронту.

Выступоўца зьвярнуў увагу на паглыбленьне эканамічнага крызісу ў краіне. Многія людзі ўжо бачаць яго прыкметы і адчуваюць, што насоўваюцца вельмі цяжкія часы. Антыбеларускі рэжым зрабіў усё для дэзарыентацыі нашага грамадзтва. Таму многія ня бачаць выйсьця з штучнага сацыяльна-эканамічнага тупіка, у які загнала Масква наша грамадзтва з дапамогай лукашызма. Задача фронтаўцаў палягае ў тым, каб растлумачыць людзям, што паратунак ёсьць у народнай салідарнасьці, у нацыянальным адзінстве. Суседнія і далёкія народы ня раз паказалі, што ратавацца можна толькі так.

Адчуваючы, што беларусы шукаюць менавіта гэты шлях, Масква імкнецца канчаткова заблытаць беларусаў, запаўняючы інфармацыйную прастору рознымі фальшывымі ідэямі і падзеямі. “Перасьлед рускіх” – класічная правакацыя Крамля-Лубянкі, спроба прадставіць Беларусь у крымінальным сьвятле. Мэта цяперашняй правакацыі зразумелая – Масква дае сама сабе карт-бланш на “урэгуляваньне сытуацыі ў Беларусі”. Мэтады “урэгуляваньня” вядомыя па падзеях у Крыме, на Данбасе, а раней у Абхазіі, Паўднёвай Асэціі і Прыднястроўі. Толькі беларусы не павядуцца на маскоўскія правакацыі. Разам з лаяльнымі Беларусі грамадзянамі рускай нацыянальнасьці беларусы будуць бараніць ад імпэрскага ворага родную зямлю. А тое, што гэта магчыма, прадэманстравала змагарная Україна.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра рост беспрацоўя ў гарадах і мястэчках, пра развал калгасных гаспадарак. Мэдычныя ўстановы атрымліваюць усё менш забесьпячэньня матэрыяламі і прэпаратамі. Адміністрацыя ўжо заранёў заявіла, што мэдыкі могуць не разьлічваць на выплаты заробкаў да пачатку наступнага году. Людзі з трывогай чакаюць прыезду на нашую зямлю маскоўскай арды на тысячах вагонаў. Многім зразумела, што йдзецца не пра “вучэньні”, а пра сілавое ўмяшальніцтва Масквы ў Беларусь, пра інвазію, прыкрытую прыгожымі словамі. Беларусы кажуць, што ворагу ня ўдасца проста так апанаваць Беларусь. Вораг знойдзе сваю магілу на нашай зямлі.

Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

11 сьнежня 2016 г.