ЗАЯВА

posted Sep 25, 2019, 2:35 PM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 25, 2019, 2:35 PM ]

Сойму Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі—БНФ

аб заяўленай кіруючым у Беларусі рэжымам працы над “ праграмай рэалізацыі “саюзнай дамовы” з Расейскай Федэрацыяй”


Апошнім часам службовымі асобамі, якія займаюць вышэйшыя дзяржаўныя пасады ў краіне, у прыватнасьці спадарамі Аляксандрам Лукашэнкам і Сяргеем Румасам, робяцца заявы аб тым, што дзяржаўнымі структурамі таемна ад беларускага народу праводзіцца праца з адпаведнымі структурамі Расейскай Федэрацыі па праграме рэалізацыі так званай “саюзнай дамовы” 1999 года (незаконнай, антыканстытуцыйнай, не прызнанай нікім ў сьвеце) .

З боку Расеі гэтыя дзеяньні выкліканыя імкненьнем цяперашняга прэзыдэнта Расеі Уладзімера Пуціна захаваць бестэрмінова сваю ўладу ў Крамлі, бо ў наступных прэзыдэнцкіх выбарах 2024 года ён па закону балатавацца больш ня можа. Тым часам паглынаньне Беларусі на падставе антыканстытуцыйнай не прызнанай дамовы 1999 года дасьць магчымасьць фармальна стварыць нібыта іншы беларуска-расейскі суб’ект міжнароднага права, а значыць Пуцін зможа працягнуць сваю прэзыдэнцкую кар’еру, выбіраючыся на прэзыдэнта ў нібыта новым суб’екце права. У выніку ў Маскве і Менску за зачыненымі дзьвярыма, схавана ад грамадзтва зноў творыцца антыбеларуская задума.

Выкарыстоўваюць модныя тэрміны: “дзьве краіны – адзін рынак”, “дарожная карта” і г.д., каб схаваць сутнасьць – поўнае падначаленьне эканомікі краіны Маскве.

Гэта прадугледжвае функцыянаваньне адзінага прававога рэгуляваньня, і значыць аднаго заканадаўчага цэнтру. Таму зразумела, што вядзецца праца па ліквідацыі сувэрэннага права Беларусі кіраваць сваім гаспадарчым жыцьцём і, адпаведна, настане канец існаваньню Беларусі як сувэрэннай дзяржавы.

Гэтыя дзеяньні вядуцца на фоне сістэмнага пагаршэньня эканамічнай сытуацыі ў краіне, калі нарастае стратнасьць суб’ектаў гаспадараньня іх няздольнысьць вяртаць крэдыты і разьлічвацца па запазычанасьцях -- набліжаецца фінансава-крэдытны крызіс. Выглядае, што вышэйшыя службовыя асобы вырашылі ліквідаваць сувэрэнны статус Беларусі, каб схавацца ад адказнасьці за сваё дрэннае кіраваньне ў сувэрэннай Беларусі пасьля абрушэньня эканомікі краіны.

Нагадаем. Беларусь зьяўляецца незалежнай дзяржавай, суб’ектам міжнароднага права. Асноўныя, галоўныя нормы, якія вызначаюць прынцыпы фуцкцыянаваньня незалежнай беларускай дзяржавы замацаваныя ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасьці з Канстытуцыяй ( артыкулам 3) галоўным носьбітам ўлады ў Рэспубліцы Беларусь зьяўляецца Беларускі народ. У адпаведнасьці зь дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, дзеяньні асоб накіраваныя на падрыў сувэрэнітэту і незалежнасьці Рэспублікі Беларусь вызначаюцца як цяжкія злачынствы і перасьледуюцца ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

У той жа час пагаршэньне эканамічнай сытуацыі адбываюцца ў Расейскай Федэрацыі, дзе таксама набліжаюцца абвальныя працэсы ў эканоміцы адначасна з узрастаньнем агрэсіўных ваенных дзеяньняў з боку Расеі адносна іншых суверэнных дзяржаў і задушэньне грамадзянскіх правоў і свабод у самой Расейскай Федзрацыі. Таму пры панаваньні расейскіх парадкаў у Беларусі замест інвэстыцый і разьвіцьця эканомікі пасунецца крымінал, рэйдэрскія захопы, узрасьце карупцыя.

Мы вызначаем дзеяньні тых службовых асобаў Беларусі як антыканстытуцыйныя, што супярэцяць жыцьцёвым інтарэсам беларускага народа. Мы заклікаем іх спыніць гэтыя дзеяньні, каб засьцерагчы беларускі народ ад трагічных наступстваў, а сябе ад адказнасьці.

Мы нагадваем, што дзеяньні па ліквідацыі суверэнітэту дзяржавы зьяўляюцца цяжкім дзяржаўным злачынствам, якое ня мае тэрміну даўнасьці. У гэтым выпадку адказнасьць незваротная і пакарэньне непазьбежнае.

Мы заклікаем беларусаў праявіць нацыянальную, салідарную грамадзянскую актыўнаць і супраціў здрадзе дзеля абароны Незалежнасьці Бацькаўшчыны. Нашая задача спыніць здрадніцкія дзеяньні непрыяцеляў Беларусі, дамагчыся ўсталяваньня ў краіне легітымнай беларускай улады. Нельга дапусьціць здачы суверэнітэту Беларусі нелегітымнай ўладай і захопу краіны крамлёўскім гэбоўскім крыміналам.

Хопіць здрады. Хопіць дыктатуры. Хопіць рабаваньня і зьдзеку над Беларускім народам.

Жыве Беларусь!


Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ.

8 верасьня 2019 г.

(Старшыня Партыі Зянон Пазьняк)

http://www.bielarus.net/archives/2019/09/11/5460


====================================



Масква і антыбеларускі рэжым таемна ад беларусаў праводзяць дзеяньні па “інтэграцыйным паглынаньні” Беларусі ў Расею.

http://www.bielarus.net/archives/2019/09/11/5459