ЗАЦЕМКА ПА ПСЭЎДАВЫБАРАХ

posted Jul 1, 2020, 10:24 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jul 1, 2020, 10:24 AM ]
(Ліст сябрам КХП – БНФ)

Паважаныя сябры, хацеў бы падтрымаць нас у замацаваньні беларускіх канструктыўных ідэй у ходзе гэтай псэўдавыбарчай барацьбы ў Беларусі. Такія пэрспэктывы разгортваюцца з прычыны прадбачаных абставінаў, у якіх мусіць працягвацца наша добрая роля.

Вы бачыце, што закон парушаецца і будзе парушацца на любым этапе, дзе дзеяньне ўлады схаванае і непадкантрольнае грамадзянам. Адкрытая толькі фрэквэнцыя і прыход-непрыход на выбарчыя ўчасткі, які можна кантраляваць выбаршчыкам. Чакаецца, што тут рэжым можа супрацьставіць сілу, але і гэта фальшывыя выбары не ўратуе.

Масавы байкот галасаваньня становіцца ўсё больш запатрабаваным. Непрыяцелі Беларусі ў псэўдавыбарчым спаборніцтве зьядаюць самы сябе (ужо выкінулі гэбіста, наступным выкінуць банкіра).

Цяпер у самазакаханых спаборнікаў, што клікалі на "чэсныя" выбары з чэснай Ярмошынай, узьняўся біялагічны лямант. Не залічылі іхныя сабраныя галасы. Ах, як яны абурыліся! Якая нізасьць! Якое беззаконьне! У іх цяпер на языку адно моднае слоўца: "шок!"

Але трэба было слухаць вопытных у палітыцы разумных людзей, якія казалі, што адзіная магчымасьць заваліць фальшывыя выбары -- гэта масавы байкот галасаваньня і фіксацыя непрыходу на ўчасткі. Выглядае амаль камічна: самадавольныя банкір з гэбістам аказваецца дрэнна чыталі рэжымнае «заканадаўства» пра выбары, ня ведалі з кім зьвязаліся і ня ведаюць што іх яшчэ чакае. Ня буду папярэджваць (бо ўсяроўна не павераць). Як кажуць ў народзе, -- дурня доўбня вучыць. Зрэшты, сумняваюся, каб яны і цяпер тое зразумелі.

Аб'ектыўна, тым, хто падтрымліваў банкіра і гэбіста, цяпер ня трэба йсьці галасаваць (з банкірам узурпатар управіцца пазьней).

Няхай нас, фронтаўцаў, не бянтэжыць чужая прапаганда самаедзтва, якая стала запаўняць прастору. Мы палітычная партыя. Становішча, ня гледзячы на сілу і агрэсію ўлады, цяпер палітычна горшае для рэжыму і Газпраму, чым для беларусаў. Але тым ня менш у бліжэйшы час (да паловы ліпеня) барацьба ў сфэры прапаганды і інфармацыі таксама мае значэньне. Сачыце за нашымі паведамленьнямі. Жыве Беларусь! Жыве з Богам!

1 ліпень 2020 г. Зянон Пазьняк