ЗАЦЕМКІ ПРА НАЦЫЮ І СВАБОДУ (Дапоўнена)

posted Dec 12, 2021, 11:48 AM by Адміністратар Навін   [ updated Dec 24, 2021, 5:12 AM ]

Спачатку ўзьнікае ўсьведамленьне сваіх і чужых. Потым зьяўляецца сьведамасьць агульнай мовы і тэрыторыі. Затым настае дзеяньне па забесьпячэньні парадку і свабоды дзеля жыцьця кожнага і для ўсіх сваіх. Фармуецца нацыянальная ідэялогія. Ствараецца нацыянальная дзяржава. Тут схема ўтварэньня нацыі.

Асобным чыньнікам у гэтым разьвіцьці ёсьць рэлігія. Яна ўлучана ў працэс жыцьця нацыі і адыгрывае кансалідуючую ролю. Калі рэлігія ня ўлучана ў нацыянальны працэс, тады нацыя можа страціць свабоду альбо нават яе не здабыць. Пэрыяд утварэньня нацыяў – XVIII -- пачатак XX-га стагоддзяў.

* * *

Нацыя – гэта вынік разьвіцьця і дзейнасьці народа. Па сваёй грамадзкай прыродзе нацыя імкнецца да сумеснага існаваньня, да агульнай супольнай справы, выяўляе імкненьне да дэмакратычнай формы ўлады.

Нацыя стварае ўмовы для гістарычнага аптымальнага разьвіцьця супольнасьці, зацікаўлена і спрыяе індывідуальнай рэалізацыі асобы ў межах нацыянальнага парадку і нацыянальнай свабоды. Нацыя абараняе нацыянальныя каштоўнасьці, нацыянальную супольнасьць, нацыянальную ідэнтычнасьць, нацыянальную асобу і нацыянальную свабоду.

* * *

Калі нацыя траціць свабоду (напрыклад, у выніку акупацыі), яна здольная выжыць тады, калі зможа зьберагчы сваю мову, рэлігію і культуру. Гэта залежыць ад волі акупаванай нацыі, ад рэжыму акупацыі і ад часу трываньня несвабоды. Вельмі важна таксама зьберагчы этнічную (аўтэнтычную) частку насельніцтва.

Калі ва ўмовах несвабоды дзейнічае палітыка акупантаў аб ліквідацыі нацыі шляхам генацыду, этнацыду, лінгвацыду, асіміляцыі, фізічнага вынішчэньня набілітэту, элітаў, актыўных, разумных і заможных людзей, асацыяцыяў і носьбітаў культуры, тады нацыя яшчэ можа нейкі час выжываць, захоўваючы мову, нацыянальную сьведамасьць і пачуцьцё нацыянальнай годнасьці.

Нацыянальная годнасьць і мова – гэта тое першае, што імкнецца разбурыць зьнішчальнік, гэта значыць – зламаць волю да супраціву, да захаваньня сябе і сваёй тоеснасці, прышчапіць псіхалогію нявольніка (раба), залежнага ад нішчыцеля і акупанта.

* * *

Першай прыкметай зьяўленьня нявольніцкай (каланіяльнай) псіхалогіі становіцца адмаўленьне ад нацыянальнай мовы.* Адмаўленьне ад мовы – гэта ёсьць адмаўленьне ад свабоды. Гэта крок у псіхалагічнае падпарадкаваньне перад акупантам (каланіялістам). Гэта параліч жаданьня і волі да барацьбы за нацыю. Тым часам толькі праз супраціў і змаганьне можна вярнуць незалежнасьць і свабоду.

* * *

Чым даўжэй цягнецца акупацыя і палітыка ліквідацыі нацыі, тым цяжэйшыя ўмовы і магчымасьці для нацыянальнага адраджэньня і свабоды, бо ў выніку доўгіх пастаянных рэпрэсіяў і ўціску адбываецца нэгатыўны генетычны і сацыяльны адбор насельніцтва, дзе нявольніцкая (каланіяльная) псіхалогія становіцца натуральнай зьявай, тыпам думаньня і паводзінаў.

Для нацыі, якая знаходзіцца ў пэрманэнтным крытычным стане акупацыйных рэпрэсіяў і выжываньня, істотным чыньнікам адраджэньня зьяўляецца наяўнасьць ідэі нацыянальнага адраджэньня і жыцьцё носьбітаў гэтай ідэі. Пакуль ёсьць носьбіты і генератары адраджэньня, нацыя мае магчымасьць адрадзіцца цалкам, нягледзячы на тое, што нішчыцелямі сьветачаў нацыянальнай свабоды становяцца таксама свае «нявольнікі», дакладней, жыхары, што вырасьлі ў няволі і перанялі ідэалогію акупантаў.

Сацыяльна-псіхалагічная складанасьць у тым, што нявольнікі чужой волі ёсьць аўтэнтычным аб’ектам адраджэньня нацыі. Адраджэньне магчымае тады, калі зьявяцца вольныя людзі пазбаўленыя нявольніцкага думаньня; яно здольнае перамагчы тады, -- калі ўзьнікне крытычная маса такіх людзей. (Прытым не абавязкова каб іх была бальшыня.)

* * *

Адраджэньне пачынаецца ад ідэі, ад усьведамленьня годнасьці і адчуваньня ідэнтычнасьці сваёй супольнасьці. Наступны крок – прызнаньне нацыянальнай мовы сваёй мовай, нават жывучы ў рэжыме чужой асіміляцыі (гэта значыць, не валодаючы сваёй мовай). Чарговы крок – вяртаньне да нацянальнай мовы. (Часам яно вымагае аднаго-двух пакалньняў.)

Адраджэньне нацыі рухаецца, як правіла, ў рэжыме паскарэньня, патрабуе меншага часу для рэалізацыі, але мераецца пакаленьнямі.

* * *

Вымушаная гвалтоўная страта нацыянальнай тэрыторыі (прымусовае перасяленьне на чужыну, масавая дэпартацыя з радзімы, асабліва з распарушэньнем народа па розных месцах) – гэта нацыянальная катастрофа.** Ацаленьне нацыі залежыць тут ад салідарнай волі пераселеных, ад рэжыму на чужой тэрыторыі, ад дэмаграфічнага адзінства і ад часу трываньня на чужыне.***

Пры невяртаньні на сваю зямлю, ва ўмовах пэрманэнтнага працягу рэпрэсій, асіміляцыі, адмаўленьня ад нацыянальнай мовы і адсутнасьці супраціву – нацыя зьнікае. (Выключэньнем стаў толькі габрэйскі народ, які ад старажытнасьці меў прыкметы нацыі.)

* * *

Такім чынам, падсумоўваючы наш агляд, аб жыцьцёвасьці нацыі, прыходзім да разуменьня простай праўды: каб зьберагчы сваё, трэба сваё шанаваць. І пачынаецца ўсё ад першаснага ў людзкай культуры: "Шануй бацьку свайго і матку сваю". Беражы сям'ю. Шануй сваю Беларускую мову, гавары на ёй на сваёй зямлі заўсёды і ўвесь час. Шануй, паважай і любі свой народ, не кажы пра яго дрэнна. Шануй і абараняй свой край, ведай яго гісторыю, беражы яго прыроду і хараство. Паважай іншыя народы, іхныя звычаі і жыцьцё, каб ня мець ворагаў. Ня бойся тых, хто пагражае, але стварай і паказвай моц. Працуй, каб жыць, і рабі дзеля агульнага дабра і краіны.

Такім ёсьць чалавек нацыі. Гэта ўсё так проста. Гэта лёгка. Нацыя ёсьць гістарычна найвышэйшы ўзровень супольнасьці ў разьвіцьці чалавечай культуры.

7 сьнежань 2021 г.           Зянон ПАЗЬНЯК

---------------------------------------------------

*Заўвага 1. Трэба адрозьніваць сьведамы індывідуальны выбар, асабістае адмаўленьне ад сваёй нацыянальнай мовы (пры захаваньні прыналежнасьці да нацыі) і пасіўнае (часта неусьвядомленае) падпарадкаваньне асіміляцыйным моўным абставінам у акупаваным соцыуме пры захаваньні ідэнтычнасьці.

**Заўвага 2. Дабрахвотнае (негвалтоўнае) перасяленьне часткі народнай супольнасьці на іншыя малазаселеныя тэрыторыі (вядомыя ў гісторыі як каланізацыя) не зьяўляецца народнай катастрофай, прыводзіць да пашырэньня анклаву рассяленьня альбо да ўтварэньня новых (эміграцыйных) нацыяў.

***Заўвага 2. Палітычная эміграцыя часткі нацыянальнай супольнасьці ў іншыя краіны можа мець выратавальнае значэньне для прыгнечанай метраполіі, калі эміграцыя адбылася ў выніку ўцёкаў ад акупацыі, ад генацыду і нацыянальнага перасьледу. Але ўзровень нацыянальнага разьвіцьця ў эміграцыі залежны з большага ад тых жа чыньнікаў, што і пад акупацыяй (нацыянальная воля, нацыянальная сьведамасьць, нацыянальная мова, нацыянальная салідарнасьць, нацыянальная адукацыя і культура, рэлігія, пасіянарнасьць і інш.).