Заклік да народнай мабілізацыі

posted Dec 15, 2019, 7:20 PM by Адміністратар Навін   [ updated Dec 15, 2019, 7:20 PM ]

(Сьнежаньскі Сойм 2019 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

15 сьнежня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” – “Мабілізацыя” (апублікаваны). Старшыня зьвярнуў увагу на самае важнае ў падзеях апошняга часу. Разьвітаньне з героямі Паўстаньня 1863 г., паказала, што Вільня была і будзе для беларусаў сьвятым горадам, куды і адкуль вядуць усе шляхі велічы нашай гісторыі.

Тым часам актывізавалася маскоўская палітыка па анэксіі Беларусі. На жаль, многія людзі ня вераць і не разумеюць, што рыхтуецца сьмерць нашай дзяржаве. Тым ня менш палітыка інтэграцыі адбываецца незаконна, неканстытуцыйна, бяспраўна.

Маскоўская палітыка небясьпечная тым, што калі прымаецца палітычнае рашэньне не аснованае на законах і на праве, то яно становіцца прычынай і повадам для агрэсіі. Менавіта так адбываўся захоп Крыма і Данбаса і агрэсія Расеі супраць Украіны. Кіраўніцтва нашай Партыі зьвярнулася зь ініцыятывай да ўсяго грамадзтва выступіць супраць змовы інтэграцыі Беларусі ў Расею і стаць у абарону незалежнасьці Беларусі. Непасрэднымі ініцыятарамі выступілі Дэпутаты Незалежнасьці. Прапанавана сабраць на 21 сьнежань вялікі мітынг-сход у Менску на Цэнтральнай (Кастрычніцкай) плошчы, а 14-й гадзіне. Гэты мітынг прадстаўнікоў усяго грамадзтва павінен стаць пачаткам шырокай народнай мабілізацыі ўсяго народа супраць інтэграцыі з Расеяй. Незалежнасьць Беларусі мусіць быць абаронена. Мабілізацыя можа стаць пачаткам вялікіх перамен.

Спыніць гэтую іржавую змову інтэграцыі можа толькі сам народ. І таму патрэбнае яго рушэньне. Змаганьне супраць інтэграцыйнай змовы і мабілізацыя людзей на гэтае змаганьне павінна стаць цяпер нашай прыярытэтнай задачай. Нельга недаацэньваць падступнасьці змоўшчыкаў. Тактыка валакіты, зацягваньня і перамоваў, якую яны пачалі, не павінна нас расслабляць. Старшыня выказаў упэўненасьць у тым, што Беларусы здолеюць абараніцца ад імпэрыі зла.

З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Партыі і Фронту. Ён распавёў пра перамовы дэпутатаў Незалежнасьці з прадстаўнікамі палітычных партый і арганізацый, вядомымі грамадзкімі дзеячамі, якія прывялі да прыняцьця важных рашэньняў па сумеснай абароне незалежнасьці Айчыны. Цяпер наша галоўная задача – рэалізаваць гэтую ідэю. Неабходна данесьці для грамадзтва інфармацыю пра небясьпеку здачы дзяржавы рэжымам і расейскай анэксіі Беларусі, што будзе мець катастрафічныя наступствы для ўсіх беларусаў. Трэба падтрымліваць усе акцыі і мерапрыемствы пад лёзунгам “Не -- інтэграцыі ў Расею!”, кім бы яны ні праводзіліся. Настаў час, калі ўсім грамадзянам трэба аб’яднацца дзеля паратунку краіны. Трэба спыніць спрэчкі і непатрэбныя дыскусіі па дробных пытаньнях, адкінуць амбіцыі і засяродзіцца на галоўным. Час прысьпяшае нас, нельга губляць ніводнага дня.

Бліжэйшыя акцыі пад лёзунгам “Не – інтэграцыі ў Расею!” пройдуць у Менску, на Кастрычніцкай плошчы: 20 сьнежня а 18.00 і 21 сьнежня а 14.00.

Трэба, каб там сабралося, як мага больш людзей. А на 21 сьнежня, у суботу, неабходна сабраць людзей з усяе Беларусі.

Выступілі таксама сябры Сойму. Яны падтрымалі лёзунг і праграму змаганьня за незалежнасьць Айчыны, супраць інтэграцыі Беларусі ў Расею. Некаторыя зь іх ужо праводзяць індывідуальныя акцыі ў грамадзкім транспарце і іншых грамадзкіх месцах. Яны пытаюцца ўголас: “Шаноўнае спадарства! Падыміце рукі: хто хоча ў Расею? Хто хоча, каб нашы сыны служылі ў расейскім войску?” Беларусы , па-за вельмі рэдкім выключэньнем, ня хочуць Расеі на нашай зямлі і падтрымліваюць незалежнасьць нашай краіны. Таму трэба даваць інфармацыю нашаму грамадзтву.

Сябры Сойму распавялі пра Расею, якая “ўжо на нашай зямлі”. А менавіта пра будаўніцтва Астравецкай АЭС. Мала таго, што там парушаюцца ўсе стандарты і правілы будаўніцтва, але й рабочым брыгадам з РФ ня плоцяць за выкананую працу, ім няма за што нават вярнуцца ў Расею. Будаўніцтва зацягваецца. У той жа час начальства фірм наладжвае для сябе і сваіх сем’яў раскошныя забавы ў замежжы, забясьпечвае свой камфорт. Калі б яны захапілі нашу краіну, то ўся Беларусь стала б жыць паводле расейскіх крымінальных паняцьцяў, расейская карупцыя і бязладдзе прышлі б у Беларусь.

Сябры Сойму распавялі пра далейшае падзеньне вытворчасьці на важнейшых прадпрыемствах краіны, пра планы адміністрацыі на звальненьне тысяч работнікаў. Крызіс выяўляецца яшчэ й у тым, што даўно спынілася падрыхтоўка высокакваліфікаваных рабочых кадраў, а моладзь марыць пакінуць краіну, дзе рэжым не дае годна жыць, працаваць і забясьпечваць сябе і свае сем’і. Сябры выказалі думку, што цяперашняя Народная Мабілізацыя павінна быцьт накіравана ня толькі супраць “інтэграцыі ў Расею”, але і на кансалідацыю грамадзтва, на ўмацаваньне салідарнасьці беларусаў у цяжкі час.

Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

15 сьнежня 2019 г.