Зянон Пазьняк: Памяць продкаў яднае нацыю

posted Nov 5, 2017, 1:38 PM by Адміністратар Навін   [ updated Nov 5, 2017, 1:38 PM ]

Паважаныя землякі, паважаныя беларусы!

Сёньня, тут, мы знаходзімся ў сакральным месцы нашай гісторыі. Гэта Курапаты – самы вялікі на сьвеце магільнік савецкага генацыду.

З 1937 года па 23 чэрвеня 1941-га дзень і ноч каманды расейскіх энкавэдзістаў тут расстрэльвалі людзей. За што расстрэльвалі? За тое, што былі добрымі людзьмі і жылі на гэтай зямлі. Вынішчалі насельніцтва Беларусі.

Людзей забівалі па плану Масквы. План быў спушчаны на ўсю Беларусь, на кожную вобласьць, раён і сельсавет; на год, на квартал, на месяц і на дзень. Прысуды былі фармальнасьцю. Як правіла, пазасудовымі ворганамі-“тройкамі”.

Кожны дзень у 9 гадзін раніцы прызначаны энкавэдзіст у Менску званіў па тэлефоне ў Маскву на Лубянку і перадаваў зашыфраваныя зьвесткі пра колькасьць расстраляных людзей у Беларусі. Невыкананьне плану пагражала расстрэлам выканаўцам. План выконваўся з апераджэньнем графіка.

Кожную ноч па вёсках і гарадах Беларусі езьдзілі машыны НКВД – “чорныя хапуны” і хапалі людзей па сьпісах. Але часта і бяз сьпісу дзеля выкананьня плану. Супраціўленьня гэтым арыштам і хапаньням не зафіксавана. Людзі са зламанай воляй моўчкі ішлі на ўбой. І толькі на краі расстрэльнай ямы ў Курапатах задавалі патыньне “за што?!” Народ ня ведаў і не разумеў, чаму забіваюць. З расстрэльнага лесу пастаянна чуваць былі стрэлы, лямант і плач жанчын перад сьмерцю.

У выніку даследваньня забойстваў у Курапатах, я зафіксаваў толькі адзін выпадак, калі чалавек захацеў уцячы з-пад расстрэлу, пераскочыў праз чатырохмэтровы плот і ўцёк.

Настраляўшы поўную яму людзей, энкавэдзісты давалі рыдлёўкі двум астатнім і загадвалі закапваць. Потым забівалі іх. Не зафіксавана ніводнага выпадку, каб нехта паспрабаваў пашчапаць рыдлёўкай галовы забойцам.

Калі б не 2-я Сусьветная вайна, Масква магла расстраляць усю Беларускую нацыю. Гэтыя намеры татальна выконваліся перад вайной. Аналіз статыстыкі насельніцтва паказвае, што з 1921 па 1941 год у Беларусі зьнікла каля 2-х мільёнаў чалавек. Вынікі археалагічных дасьледваньняў у Курапатах, зробленыя мной у 1988 годзе, паказваюць, што рэальна ў Курапатах расстраляна ад 200 да 250 тысячаў людзей. А такіх “курапатаў”, вялікіх і малых, сотні на беларускай зямлі. Маскоўскі вораг быў самы страшны і самы крывавы.

Дасьледваньні паказваюць, што ў час генацыду (які праводзіцца, трэба ўлічыць, супраць мірнага насельніцтва) людзі трацяць важныя чалавечыя якасьці, найперш волю да супраціву і грамадзкую калектыўную салідарнасьць. Зьнішчаюць масы людзей, але кожны адчувае толькі самога сябе. Таму ахвяры такія велізарныя.

Сёньня працягваюцца восеньскія Дзяды. У беларусаў гэта сьветлае сьвята памяці продкаў. Апранаюцца ў белае. Але наша народная гісторыя апошніх 200 гадоў зрабіла яго адначасна і сьвятам маркоты, жалобы і грамадзкай жальбы па нявінна забітых людзях, неадпомшчаных, непахаваных, а для некаторых сучасных – нават забытых.

Забываць нельга. У канцы 80-х праўда пра Курапаты стала крыніцай беларускага народнага ўздыму супраць камунізму, штуршком да супраціву савецкай акупцыі і стымулам новага Беларускага Адраджэньня. Курапаты выклікалі скруху, прагу людзей да справядлівасьці і аб’ядналі ў супольнае рушэньне – Беларускі Народны Фронт.

Чаму тое адбылося? Таму што сьмерць раўняе ўсіх. І ўсіх яднае перад сваім абліччам незалежна ад паходжаньня, узросту, палітычных поглядаў, рэлігіі і веры. Курапаты – гэта тое жалобнае месца, якое яднае нацыю, бо кожны ўсьведамляе, што там пад соснамі ляжыць расстраляны народ, толькі за тое, што быў народам. Там ляжаць такія ж людзі, як кожны з нас. І калі ня будзе праўды, калі ня стане памяці, тады ўсё можа вярнуцца і ўсё можа паўтарыцца. Паглядзіце, хто хлусіць, хто ілжэ, хто ненавідзіць Курапаты – і ўсё зразумееце.

Вось гэтак нашыя Дзяды і ў сіле і ў слабасьці, і тыя, што былі нявінна забітыя, і тыя, што загінулі ў барацьбе, -- усе яны трымаюць сьведамасьць нас жывых у рэчышчы нашай гісторыі. Памятаючы пра гэта, будзем мацнейшымі, будзем супольнымі, дзеля праўды і справядлівасьці, дзеля сьветлай будучыні і шчасьця Беларусі.

Слава Айчыне! Памятайма нашых Дзядоў!

5 лістапада 2017 года                     Зянон Пазьняк