Заўвагі аб зьменах у беларускім грамадзтве

posted Jul 11, 2017, 7:48 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jul 11, 2017, 7:48 PM ]

(Выступ на ліпеньскім Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)

Паважаныя сябры Сойму, вітаю Вас у Бацькаўшчыне. Зычу ўсім здароўя і моцнасьці на нашым доўгім нялёгкім шляху.

Гэта наш другі Сойм пасьля Зьезду Партыі. Варта падсумаваць некаторыя пытаньні, важныя для пазыцыі Партыі, бо істотнае значэньне мае своечасовасьць.

Зьмены ў грамадзтве, якія адбыліся і адбываюцца, маюць, як мы ўжо высьветлілі, трывожны характар для нашай нацыянальнай будучыні з прычыны старэньня і зьмяншэньня насельніцтва і падрастаньня найперш новага лукашыстоўскага пакаленьня, выбітага з культурнага кантэксту нацыянальнай супольнасьці. З іншага боку, у гэтага пакаленьня існуе большае адчуваньне беларускага дзяржаўнага адзінства і дзяржаўнай прыналежнасьці, чым у ранейшага насельніцтва БССР, якое ў незалежнай дзяржаве не жыло. Гэта ёсьць умовы, якія павінны спрыяць нацыянальнай асьвеце людзей і ў пэўнай ступені салідарнасьці грамадзтва перад зьнешнімі выклікамі. Пэрспэктывы для нацыянальнага працэсу ёсьць. Вялікае значэньне будзе мець воля нацыянальнай эліты.

На мой погляд, тут якраз і ёсьць найбольшая праблема і найбольш слабое зьвяно нашага грамадзтва пры антыбеларускай уладзе. Нацыянальна-палітычная эліта нешматлікая (паколькі ліквідаваны дэмакратычны працэс і дэмакратычныя ўмовы), дзейнасьць яе абмежаваная ўладным рэжымам і, практычна, адключана ад удзелу ў дзяржаўным жыцьці.

Тым часам грамадзка-сацыяльная эліта характарызуецца крайне нізкім узроўнем нацыянальна-палітычнага думаньня (альбо нават яго адсутнасьцю) і няздольная да вырашэньня пытаньняў улады і будучыні дзяржавы.

Аднак тэрміналогія яе таксама зьмяняецца. Напрыклад, яна ўжо даволі добра ўсьвядоміла сабе, што такое ўнутраная акупацыя і дастаткова вольна карыстаецца гэтым паняцьцем пры ацэнцы палітыкі рэжыму. У арсэнале крытычнай рыторыкі гэтай праслойкі зьявілася шмат адэкватных тэрмінаў: ад “расейскага імпэрыялізму” да “Балта-Чарнаморскай Супольнасьці”, якія характарызуюць не дэмагогію, а асэнсаваныя паняцьці.

Нам добра вядома, адкуль гэтае разуменьне зьявілася. І тут я хачу падкрэсьліць яшчэ раз наколькі важнай у гэтай сытуацыі ёсьць пасьлядоўная нацыянальна-палітычная асьвета грамадзтва. Вынікі ёсьць.

Зь іншага боку, факты паказваюць, што тут, як і ў цэлым у грамадзтве, адбываецца працэс дзяржаўніцкай кансалідацыі. І гэты працэс аб’ектыўны. Успамінаецца фронтаўскі народны лёзунг канца 80-х: “Беларусь без незалежнасьці – Беларусь бяз будучыні”.

І антыбеларускі рэжым, і маскоўская Лубянка добра разумеюць нават магчымасьць такіх працэсаў. Усе прэвэнтыўныя меры імі даўно прынятыя. Рэжым практыкуе пэрманэнтную люстрацыю нацыянальных і апазыцыйных дзеячоў, рэпрэсіі і пэрыядычныя пагромы грамадзянскай супольнасьці. Звышзадача такой тактыкі рэжыму – не даць вырасьці, арганізавацца і скансалідавацца нацыянальным пратэстным сілам, не даць аформіцца нацыянальна-грамадзкай альтэрнатыве.

У цэлым з гэтай задачай рэжым спраўляецца. Прычынаў шмат: і стварэньне кіруемай псэўдаапазыцыі, і дапамога “карысных ідыётаў” з Захаду, і дапамога Масквы. Істотнымі чыньнікамі зьяўляюцца таксама абмежаванасьць нацыянальна-палітычнай асьветы грамадзтва (гэтым займаецца толькі наша Партыя – КХП-БНФ) і правакацыйная тактыка антыбеларускіх сіл. Грамадзтва, якое знаходзіцца на невысокім узроўні палітычнага разьвіцьця, лёгка справакаваць на правакацыйныя дзеяньні. Часам нават і агентура непатрэбная, дастаткова амбітных, безадказных і бесталковых асоб. Такое мы назіраем пастаянна.

Праўда, апошнім часам грамадзтва ўжо набралася вопыту (асабліва нацыянальна арыентаванае грамадзтва) і не паддаецца на пустую рыторыку. Тады (што цікава) пачалася рыторыка на рускай мове, каб падняць і вывесьці новыя пласты людзей. Такая моўная рэкамэндацыя магла быць толькі звонку, ад тых, хто думае стэрэатыпам і не разумее беларускай рэальнасьці. У Беларусі ня мае значэньня ў якой мове ідзе пратэстная агітацыя і прапаганда. Тут, практычна, усе разумеюць па-беларуску і па-руску. Характэрна толькі, што агітацыя па-беларуску ўспрымаецца лепш і больш адэкватна, бо само маўленьне па-беларуску ўжо ёсьць пратэстам супраць палітыкі антыбеларускага рэжыму. І людзі тое адчуваюць. Масква тут часта трапляе ў яміны ўласнай імпэрскай тупасьці.

І вось мы слухаем расповеды адной такой асобы па-руску пра стратэгію нібыта барацьбы з рэжымам. Трэба, значыцца, не баяцца і ўвесь час выходзіць на вуліцы з пратэстам, “бо іншага шляху няма”. Трэба заваёўваць вуліцу, каб людзей выходзіла з кожным разам больш і больш. І вось калі выйдуць “сотні тысячаў”, тады рэжыму канец.

Цяжка ўявіць, каб адукаваны чалавек, які на справе агучвае схему “выстрыганьня пратэстнага грамадзтва”, сам бы шчыра думаў, што гэта шлях да перамогі. Тады, у лепшым выпадку, гэта падлеткавая інфантыльнасьць. Тым больш, што за апошнія 10-15 гадоў практыка такога змаганьня з рэжымам сьведчыць якраз пра адваротнае. Рэжым знайшоў “ключык” змаганьня, адпаведны сваёй антыдэмакратычнай сутнасьці – стварыў схему прэвэнтыўных правакацыяў. Астатняе -– справа тэхнікі. Найбольш разгромны выпадак адбыўся ў 2010 годзе. Найбольш ганебны – у 2011-м, калі расейскі 20-гадовы маладзён ад Лубянкі справакаваў разумнае беларускае грамадзтва ў знак нязгоды з рэжымам выйсьці на вуліцы і пляскаць у ладкі. Самае ганебнае, што наіўныя беларусы так і зрабілі: выйшлі і пляскалі. Усіх сфатаграфавалі, і быў жудасны масавы хапун без разбору.

З такім рэжымам, які існуе ў Беларусі (а гэта рэжым унутранай акупацыі) трэба ўсьвядомлена змагацца, арганізацыйным мэтадам. І першае, што трэба зрабіць – навесьці парадак у сваёй галаве. Тут не рыторыка. Задача патрабуе вялікай асьветніцкай працы. Асэнсаванае і арганізаванае змаганьне магчымае толькі ў разумных людзей. Шмат якія беларусы нават не ўяўляюць, у якой цёмнай палітычнай яміне яны знаходзяцца з прычыны 23-х гадоў існаваньня хамскага антынароднага рэжыму ўлады.

Галоўнае пытаньне існаваньня Беларускай нацыі – гэта пытаньне Беларускай мовы. Рэжым, здаецца, ужо зрабіў усё, каб выклікаць нацыянальную катастрофу. Зачынены амаль усе беларускія школы. Па статыстыцы (рэжымнай статыстыцы) засталося яшчэ 13% школ. Але палова зь іх беларускія толькі на паперы.

І ўсё ж такі цемра тут прайграе. Фармаваньне новай нацыі на дзяржаўнай аснове заканамерна ставіць пытаньне аб нацыянальных каштоўнасьцях. І перш за ўсё пра мову. Тут у абставінах новай сьведамасьці, назіраюцца тэндэнцыі сакралізацыі Беларускай мовы. Гэта зьява новая і ў прынцыпе станоўчая, бо закладвае падставу для хуткага грамадзкага (функцыянальнага) адраджэньня Беларускай мовы як толькі зьменяцца абставіны, і антынародны рэжым будзе ліквідаваны.

Сакралізацыя Беларускай мовы назіраецца таксама ў патрыятычна настроеных беларусаў (навукоўцаў, літаратараў), якія пішуць па-руску. Гэта ізноў жа пазыцыя для будучыні беларускай мовы, часткова прыхільная, але да таго часу пакуль такая пішучая асоба не пачынае рабіць з сваёй рускамоўнай функцыянальнай залежнасьці ідэалогію: маўляў, так трэба, бо бальшыня гаворыць і чытае па-руску. Зразумела, што тут канец Адраджэньню і падтрымка каланіяльнага статус-кво. Нацыянальнай пэрспэктывы такая ідэалогія ня мае, хутчэй стыкуецца з “русским миром”.

У асьветніцка-палітычнай працы важна разьбірацца ў такіх дачыненьнях, павялічваць сяброў, але не антаганістаў. За жыцьцёвую практыку мне прыходзілася спатыкаць расейцаў, народжаных у Беларусі, якія нават пераходзілі ў пісьме на беларускую мову. І гэта сярод агульнай русіфікацыйнай афіцыёзнай палітыкі.

Вялікім выпрабаваньнем для салідарных працэсаў у беларускім грамадзтве будуць расейскія вайсковыя вучэньні “Захад-2017”. Беларускае грамадзтва яшчэ не сасьпела да таго, каб выйсьці, скажам, на чыгуначны шлях і не пусьціць у Беларусь тыя чатыры тысячы вагонаў чужынскага войска. Але народны кантроль над усім мусіць быць вельмі шчыльным. Арганізацыя адпору супраць інвазіі неабходная. Адпор мусіць быць

Мне здаецца, што маскоўцы моцна пралічыліся, спадзяючыся, што Беларусь можна будзе схапіць голымі рукамі. Засталося два месяцы да расейскай пагрозы. Лепш за ўсё, вядома, было б прымусіць іх адмяніць свае імпэрскія забаўкі. Але такое можа толькі сьвядомы салідарны народ, бо прадугледжвае ўдзел у адпоры вялікіх масаў людзей. Тым ня менш трэба ведаць, што вялікая небясьпека для Беларусі можа пачацца ў пачатку верасьня. Трэба патрабаваць адмяніць вайсковыя вучэньні і прыезд расейскага войска, ствараць суполкі змаганьня, рыхтавацца і быць гатовымі да абароны Беларусі.

Зянон Пазьняк

9 ліпеня 2017 г.