Згуртаваньню Беларусаў Канады

posted Oct 27, 2018, 2:57 PM by Адміністратар Навін   [ updated Oct 27, 2018, 2:57 PM ]

Згуртаваньню Беларусаў Канады з нагоды Юбілею.

Зянон Пазьняк.

27 кастрычніка 2018 г. Нью-Ёрк

Паважаныя сябры Згуртаваньня Беларусаў Канады, віншую Вас з 70-гадовым юбілеем Вашай слаўнай арганізацыі, якая жыве, дзейнічае і працягвае традыцыі пачынальнікаў. Зычу Вам ісьці і надалей сьветлым шляхам сьветлай Беларусі, дзеля радасьці Вас самых і шчасьця дарагой Бацькаўшчыны.

Кожны з нас, вымушана ці па абставінах жывучы за мяжой, адчувае, што ёсьць Бацькаўшчына, што ёсьць наша дзяржава, што Беларусь жыве. Як бы там ні складваліся абставіны, але дзяржава Беларусь сваім існаваньнем дае нам сілы і вольнае адчуваньне ў сьвеце. Гэта наш родны дом, ён ёсьць, мы яго маем.

Ёсьць людзі, народы, што страцілі свой дзяржаўны дом пад бомбамі ці захопнікамі. Якое гэта вялікае няшчасьце! Якое цяжкае іхняе жыцьцё. У сьвеце засталася цяпер толькі адна краіна, якая займаецца вайной і захопам чужых тэрыторыяў. І гэтая краіна, кіраўнік якой валодае атамнай кнопкай вайны, заяўляе, што ад вайны ўвесь сьвет "здохне", а яны пойдуць ў рай. Гэтая краіна з шахідзкай псіхалогіяй і нянавісьцю да сьвету знаходіцца на ўсходзе Беларусі і рыхтуецца да агрэсіі.

У гэты час наймацней адчуваецца каштоўнасьць роднага дому і існаваньне сваёй дзяржавы. Памятайма пра гэта, бо без Баларусі шчысьця на будзе мець ніхто.

І таму ўмацоўваем наш дом, дзе б мы ні былі ва ўсім сьвеце. Шануйма тут нашу беларускую мову, культуру, гісторыю, традыцыі і звычаі, бо на гэтым трымаецца народны дом і яго абарона.

Дваццаць сем гадоў таму мы, змагары Беларускага Народнага Фронту, пасьля 200 гадоў акупацыі краіны вярнулі незалежнасьць нашай дарагой Бацькаўшчыны Беларусі. Яна ёсьць.

Але барацьба прадаўжаецца. Ворагі чалавецтва не пакінулі намераў знў захапіць нашу зямлю. Гібрыдная палітыка супраць нашай краіны пачалася ў 1994 годзе. Шмат каму з фронтаўцаў прышлося пакінуць Бацькаўшчыну і працягваць змаганьне за мяжой. Тут мы мелі падтрымку ўсёй беларускай эміграцыі Амэрыкі і Канады. Ідэёвымі фронтаўцамі, якія падтрымлівалі палітыку і справу БНФ "Адраджэньне", былі ў Канадзе найперш сябры ЗБК Барыс Рагуля, Кастусь Акула, Раіса Жук-Грышкевіч, спрыялі Мікола Ганько, Янка і Івонка Сурвілы. У Амэрыцы справе Народнага Фронту ахвяраваліся найперш Аляксандар Міцкевіч, Антон Шукелойць, падтрымлівалі Яніна Каханоўская, Юля Андрусышына і, практычна, ўся ваенная эміграцыя, якая і стварыла арганізаваную беларускую дыяспару ў Амэрыцы і Канадзе. Хвала і слава гэтым знакамітым беларусам і заслужаным перад Беларусяй людзям.

Што б я пажадаў цяперашняму пакаленьню беларусаў, сябрам ЗБК, гэта каб яны з годнасьцю і гонарам несьлі Беларускі сьцяг, падняты папярэднікамі, іхнымі знакамітымі дзеячамі, каб Беларусь была ў іх перад усім, каб гучэла на вуснах, жыла ў сэрцы і квітнела ў справах. Віншую зь юбілеем! Слава Айчыне! Жыве Беларусь!

27 кастрычніка 2018 г.             Зянон Пазьняк