З Пагоняй у сэрцы

posted Nov 1, 2017, 1:48 PM by Адміністратар Навін   [ updated Nov 1, 2017, 1:48 PM ]

Сёньня спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэньня выдатнага беларускага мастака і патрыёта-фронтаўца Яўгена Сяргеевіча Куліка (1937-2002) аўтара эталона Дзяржаўнага гэрбу Пагоня Рэспублікі Беларусь. Усе мы, хто сустрэўся зь ім, хто быў побач у фронтаўскім змаганьні, можам з гонарам сказаць: “Я ведаў Яўгена Куліка!” Ужо ў 1997 годзе, калі мы адзначалі 60-годдзе Яўгена Сяргеевіча, ён быў для нас патрыярхам беларускага нацыянальнага адраджэньня -- для тысяч людзей, якія абралі шлях служэньня Беларусі. Калі моладзь і старэйшыя пераломнага для нашай гісторыі 1988 года бачылі побач з Зянонам Пазьняком і Васілём Быкавым гэтага чалавека, то было зразумела – трэба далучацца да Беларускага Народнага Фронта, там сапраўдныя людзі.

Выпускнік Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер – Беларуская Акадэмія мастацтваў), Яўген Кулік плённа працаваў на ніве кніжнай графікі, быў мастацкім рэдактарам беларускіх часопісаў. Але ўжо тады – у 1960-70-я гады – у ягонай майстэрне на мансардзе ў Менску ўтварыўся адзіны на той таталітарны час цэнтр незалежнага, несавецкага беларускага інтэлектуальнага і культурнага жыцьця. З гэтага кола аднадумцаў, якое атрымала назоў “На паддашку”, выйшлі многія выдатныя дзеячы нашай культуры і будучыя кіраўнікі фронтаўскага рушаньня. Там, у дыскусіях, у радасьці вольнага беларускага жыцьця запачаткоўвалася і крышталізавалася ідэя новага нацыянальнага адраджэньня, распачынаўся шлях да нашай перамогі ў жніўні 1991 года.

Будучы сябрам аргкамітэту БНФ, а потым сябрам Сойму Народнага Фронту і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ, Яўген Кулік займаўся ня толькі справамі культуры і асьветы, часта менавіта ягоная пазыцыя і слова былі значнымі для вырашэньня палітычных праблем. Мягкі, далікатны чалавек, ён умеў быць прынцыповым і бескампрамісным. Такіх беларусаў заўсёды баяліся акупанты і іхнія памагатыя, дагэтуль яны баяцца іхняга імя і памяці аб іх.

Творчасьць Яўгена Куліка – яркая старонка беларускай графікі і нашай культуры ў цэлым. Ён першым у найноўшым мастацтве вярнуў у кантэкст нашай гістарычнай памяці постаці беларускай мінуўшчыны. Ужо пасьля яго іншыя творцы пачалі засвойваць гэтую тэму ў выглядзе нізак партрэтаў гістарычных асобаў, выдатных падзей і помнікаў гісторыі Беларусі. Кулік рабіў гэта, калі ў акупаванай Айчыне панавала рэакцыя, таптала ўсё жывое русіфікацыя, а ваяўнічая абэцэдаршчына забівала ў галовы людзей спрэпараваны ў Маскве міф пра “лапотных белоруссов, томящихся под гнётом польских и литовских феодалов, пока их не освободили русские братья”. Ілюстрацыі Яўгена Куліка да “Песьні пра зубра” Міколы Гусоўскага (1980) былі першым прамянём праўды для беларусаў. Тут упершыню для пакаленьня сучасьнікаў мастак даў выяву нашай Пагоні, стварыў вобразы беларускай велічы і беларускай драмы. А ўважлівы глядач мог нават разабрацца, што сярод сьцягоў пераможаных ворагаў ля ног Вітаўта ляжыць і маскоўская харугва. Наша Вялікая Літва вярталася ў нацыянальную памяць народа. Выдатныя краявіды, мастацкія рэканструкцыі замкаў – усё, да чаго дакраналася рука Майстра, станавілася нацыянальнай каштоўнасьцю. Мастацкая мова Куліка яркая, але нешматслоўная. Некалькімі жывымі штрыхамі ён умеў стварыць трапяткі сьвет, выказаць пачуцьці, перадаць дух эпохі. У ягоных аркушах заўсёды шмат месца застаецца белі паперы, якая набывае новую мэтафізічную сілу – становіцца ўвасабленьнем чыстага сьвятла Беларусі. А ў 1991 годзе менавіта Яўген Кулік вызначыў мастацкае, геральдычнае рашэньне эталона Гэрба незалежнай Беларусі.

З Пагоняй у сэрцы праз усё жыцьцё…

Валеры Буйвал