АБ ПАЛІТЫЧНАЙ АГРЭСІІ РАСЕІ (Зварот да кіраўнікоў вялікіх дзяржаваў) Дзяржаўныя ўстановы, афіцыйныя кіраўнікі і палітыкі Расеі адкрыта заяўляюць аб агрэсіўных плянах ліквідацыі незалежнасьці Беларусі і інкарпарацыі тэрыторыі нашай дзяржавы ў Расею. Такія заявы ёсьць грубым парушэньнем Гэльсінскіх пагадненьняў і міжнароднага права і сталі магчымыя ў выніку сумесных дзеяньняў Расеі і рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Расея настойвае на правядзеньні незаконнага рэфэрэндуму ў Беларусі аб так званым “канстытуцыйным акце” незаконнай (і ўмоўнай) “саюзнай дзяржаве” Беларусі і Расеі, прыдуманай 8-га сьнежня 1999 года за плячыма народаў Ельцынам і Лукашэнкам. Цераз антызаконнае прыняцьце так званага “канстытуцыйнага акту” Расея плянуе ліквідаваць беларускую грашовую сістэму, увесьці расейскі рубель на Беларусі і зьнішчыць дзяржаўны суверэнітэт нашай краіны. Мы нагадваем, што згодна Будапэшцкага Мэмарандуму 1994 года ЗША і Вялікабрытанія абавязаліся быць гарантамі суверэнітэту Беларусі, пасьля адмовы нашай краіны ад ядзернай зброі. Бязьядзернасьць Беларусі ініц’явала і падтрымлівала Апазыцыя Беларускага Народнага Фронту ў парляманце Беларусі на чале з Зянонам Пазьняком. Цяпер незалежнасьць Беларусі пад пагрозай з боку Расеі. Сойм Беларускага Народнага Фронту і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ зьвяртаецца да кіраўнікоў усіх вялікіх дзяржаваў “G-8” з просьбай не прыяжджаць у Санкт-Пецярбург на саміт G-8 пакуль расейскае кіраўніцтва не адмовіцца ад агрэсіўнай палітыкі супраць незалежнасьці Беларусі і ад патрабаваньняў правядзеньня незаконнага рэфэрэндуму ў нашай краіне. Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 18 чэрвеня 2006 г. Менск |