АБ НЯЎДЗЕЛЕ Ў АНТЫДЭМАКРАТЫЧНЫХ ВЫБАРАХ І АБ АКТЫЎНЫМ БАЙКОЦЕ ГАЛАСАВАНЬНЯ (ЗАЯВА) Публічнае прызнаньне А. Лукашэнкі аб фальсіфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка поўнасьцю пазбаўляе аргумэнтацыі ўдзел ў выбарах ў мясцовыя саветы калабаранцкіх партыяў так званай “дэмакратычнай апазыцыі”. У гэтым становішчы ўдзел у якасьці кандыдатаў і агітацыя за выбары ў мясцовыя саветы павінна разглядацца як здрада Беларусі і сьведамая падтрымка антыбеларускага рэжыму. Альтэрнатывай антыдэмакратычным выбарам мусьць стаць іх актыўны байкот, гэта значыць вольны выхад людзей у дзень выбараў на вуліцы і плошчы і адкрытае сьведчаньне аб няўдзеле ў фальшывым галасаваньні. Усе сумленныя людзі павінны неадкладна выйсьці з выбарчай кампаніі. Пазыцыя зьняцьця кандыдатур за адзін дзень да галасаваньня ёсьць непрыймальнай. Здымаць кандыдатуры трэба неадкладна і адразу прыступаць да агітацыі за актыўны байкот выбараў. Застаецца вялікая небясьпека падключэньня пад выбары рэфэрэндума аб так званым “канстытуцыйным акце”. Гэтая авантура можа здарыцца ў любы час, бо прамаскоўскі рэжым не паважае ніякіх законаў. Улічым, што Лукашэнка ўжо цалкам не кантралюе сітуацыю ў Беларусі, і калі інкарпаранцкі рэфэрэндум навяжуць, то галасаваньне стане кантраляваць маскоўская агентура, што распладзілася пад Лукашэнкам ва ўсіх сфэрах улады і кіраваньня. Сумленным людзям Беларусі трэба, не марудзячы, рыхтавацца і прапагандаваць актыўны байкот чарговай выбарчай афёры на Беларусі. Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” 10 сьнежня 2006 г., г. Менск |