АБ ПАГРОЗЕ СУВЕРЭНІТЭТУ БЕЛАРУСІ З БОКУ РАСЕІ Пуцінская ўлада выкарыстоўвае статус Расеі – краіны прадаўца энергетычных рэсурсаў (нафты і газу) для палітычнага ціску на Беларусь з мэтай стварэньня эканамічнага крызісу і ліквідацыі суверэнітэту Беларускай дзяржавы. Пра гэта расейскае кіраўніцтва, палітычныя прадстаўнікі і нават рускі амбасадар у Беларусі А.Суркоў гавораць груба, наўпрост, не хаваючы плянаў анэксіі нашай краіны, якую яны плянуюць ажыцьцявіць шляхам незаконнага рэфэрэндуму аб так званым “канстытуцыйным акце” і пад выглядам наступнага нібыта “аб’яднаньня дзяржаваў”. Гэтая грубая і агрэсіўная палітыка эканамічнага шантажу і душэньня Беларусі, разьвязаная расейскім кіраўніцтвам, наўпрост супярэчыць трэцяму пункту Будапэшцкага Мэмарандуму 1994 года аб гарантыях бясьпекі Беларусі, прынятага Злучанымі Штатамі Амэрыкі, Вялікабрытаніяй і Расеяй, падпісанага Беларусяй у знак згоды на адмаўленьне ад ядзернай зброі. Пункт 3 запісаны так: “ЗША, РФ, Злучанае Каралеўства пацьвярджаюць іхныя абавязацельствы да Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасьці з Прынцыпамі Заключнага Акту АБСЭ, не прыбягаць да эканамічнага ціску з мэтай падпарадкаваць сваім інтарэсам выкарыстаньне Рэспублікай Беларусь яе правоў, неад’емных ад яе суверэнітэту, а таксама не забясьпечваць сабе перавагі якога кольвечы кшталту.” Пагроза суверэнітэту Беларусі з боку Расеі вымагае прывядзеньне ў дзеяньне п.6 згаданага Мэмарандуму. Мы настойваем на выкананьні гэтага пункту і правядзеньня кансультацыяў трох краінаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Расеі) аб парушэньні Расеяй прынятых забавязацельстваў і аб пагрозе дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі. Гэты ліст падпісаны прадстаўнікамі беларускай эліты, перадаецца прэзыдэнту Д.Бушу, прэм’ер-міністру Т.Блэру, прэзыдэнту У.Пуціну дзеля прыняцьця рашэньняў і дзеяньняў у абарону Беларусі. Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі –БНФ: Зянон Пазьняк, старшыня, Юры Беленькі, намесьнік старшыні, Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні 18 сьнежня 2005 г. |