АДКРЫТЫ ЛІСТ У ЭЎРАПЕЙСКІЯ СТРУКТУРЫ ПРА ВЫБАРЫ Ў БЕЛАРУСІ 25-га верасьня Зянон Пазьняк паслаў адкрыты ліст у Парляманцкую Асамблею АБСЭ і ў Парляманцкую Асамблею Рады Эўропы. Ніжэй зьмяшчаем тэкст гэтага ліста. Паважаныя спадарыні і спадары. Станоўча ацэньваючы зацікаўленасьць Рады Эўропы і АБСЭ у назіраньні за ходам парляманцкіх выбараў у Беларусі, прасіў бы Вас спыніць ціск на ўдзельнікаў выбарчага працэсу з мэтай прымушэньня іх да ўдзелу ў выбарах і ў фальшывым галасаваньні. Цяперашняя выбарчая кампанія ў Беларусі адбываецца ў крайне недэмакратычных умовах, што пацьвярджаецца шматлікімі фактамі, вядомымі прадстаўнікам АБСЭ і ПАРЭ. Такія выбары заранёў ня могуць быць прызнаныя дэмакратычнай супольнасьцю за нармальныя. Тым часам дэмагогіі і шантажу ўзурпатара прэзыдэнцкай улады ў Беларусі А. Лукашэнкі няма межаў. Цытата А. Лукашэнкі з інтэрв’ю для “Франкфуртэр Альгэмайнэ Цайтунг” і “Файнэншэнл Таймс”: “В последние дни чиновники в Брюсселе подают нам постоянно сигналы о том, что после парламентских выборов они готовы нормализовать с нами отношения... Посмотрим, как поведет себя Европа после выборов. Если вы уже эти выборы в Белоруси не признаете, то тогда, видимо, нам и не стоит тратить время на убеждения вас и Европы в том, что Беларусь – это центр Европы и очень нужное государство для России.” (18 верасьня: naviny.by) Зьвяртаю Вашу ўвагу, што гандаль беларускімі інтарэсамі і дэмакратычнымі каштоўнасьцямі, які ў празрыстай форме прапануе спадар А. Лукашэнка, быў бы абсалютна недапушчальны для дэмакратычнай палітыкі. Маю спадзяваньне, што закамуфляваныя “сигналы чиновников в Брюсселе” менскаму дыктатару аб прызнаньні недэмакратычных выбараў у Беларусі за дэмакратычныя будуць спыненыя. Недэмакратычныя выбары і зьдзек над здаровым сэнсам ня могуць прызнавацца за нармальнасьць. Выбраны парлямант у такіх умовах ня можа лічыцца легітымным. З павагай: Зянон Пазьняк Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”; 24 верасьня 2008 г. |