VIIІ ЗЬЕЗД КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ – БНФ І X ЗЬЕЗД БНФ“АДРАДЖЭНЬНЕ”

21 сьнежня ў Менску адбыўся VIIІ Зьезд Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Х Зьезд Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. Зьезд заслухаў палітычны даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, -- “Наперадзе вольная Беларусь” (тэкст публікуецца). Са справаздачнымі дакладамі выступілі намесьнікі старшыні Фронту і Партыі, сакратары Управы і кіраўнікі камісіяў. Былі абмеркаваны сытуацыя ў Беларусі і за яе межамі, вынікі і задачы дзейнасьці Фронту і Партыі. Выступілі таксама дэлегаты Зьезду з розных рэгіёнаў краіны, якія распавялі аб становішчы ў Беларусі і працы рэгіянальных арганізацыяў Фронту і Партыі. У адпаведнасьці са Статутам былі праведзены выбары Старшыні, намесьнікаў і Сойму Фронту і Партыі. Старшынём Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ быў абраны сп. Зянон Пазьняк. Намесьнікамі старшыні дэлегаты абралі сп. Юрыя Беленькага (выканаўца абавязкаў старшыні ў Беларусі) і сп. Сяргея Папкова. Быў таксама абраны Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ у складзе 35 сяброў. Заля, у якой адбываўся Зьезд, была ўпрыгожана нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі і выявамі гэрбу “Пагоня”. Працу Зьезду дэлегаты распачалі і завяршылі сьпяваньнем гімну “Магутны Божа”. 

 

 

 

 

 

 



Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

21 сьнежня 2008 г.