АБ УСХОДНІМ ПАРТНЁРСТВЕ (Заява) Мы вітаем ідэю “Усходняга партнёрства” і выказваем прызнаньне Эўразьвязу за ўключэньне ў гэтую праграму Рэспублікі Беларусь. Мы разумеем важнасьць агульных задачаў, якімі кіруецца Эўразьвяз, прапануючы новы падыход у дачыненьні да антыдэмакратычнага рэжыму Лукашэнкі, які мэтанакіравана зьнішчае грамадзянскую супольнасьць у Беларусі. Мы лічым, аднак, што забесьпячэньне правоў грамадзянскай супольнасьці і кожнага чалавека павінна стаць ўмовай дачыненьняў з аўтарытарнай уладай Аляксандра Лукашэнкі і мусіць быць адзначаная ў пратакольнай частцы партнёрства. Удзел грамадзянскай супольнасьці ва “Усходнім партнёрстве” стане гарантыяй пазытыўных крокаў, будзе ствараць магчымасьці станоўчага выбару для існуючай улады. Бяз гэтага ўдзелу Партнёрства не асягне станоўчых вынікаў і будзе скарыстана антыдэмакратычным рэжымам для апраўданьня сваёй разбуральнай дзейнасьці. Мы засяроджваем увагу на антыкультурным характары рэжыму Лукашэнкі. Побач з разбурэньнем грамадзкай дзейнасьці і зламаньнем правоў чалавека гэты рэжым метадычна зьнішчае беларускую культуру, адукацыю і творчасьць, нацыянальную гістарычную навуку, а паўсюдную русіфікацыю зрабіў галоўнай асновай сваёй антыкультурнай палітыкі. Культура ў сучасным сьвеце становіцца адным з галоўных чыньнікаў суверэнітэту. Русіфікацыя і зьнішчэньне культуры павялічвае адмоўны ўплыў праімпэрскіх колаў расейскай палітыкі на Беларусі. У прыярытэтных накірунках дзейнасьці “Усходняга партнёрства” мы хацелі б бачыць дапамогу па зьберажэньні беларускай культуры ад сістэматычнага вынішчэньня антыбеларускім рэжымам. Мы прапануем да тых пяці пазыцыяў, вылучаных з 12-ці патрабаваньняў Эўразьвязу да ўлады ў Беларусі, дадаць шосты пункт аб забесьпячэньні свабоднага разьвіцьця беларускай культуры, адукацыі і творчасьці. Мы лічым, што прыярытэтнымі накірункамі супрацоўніцтва ў галіне эканомікі маглі б стаць энэргетыка і дыверсіфікацыя паставак энэргетычных рэсурсаў, менавіта – інвестыцыі ў праектную і тэхналягічную дзейнасьць па транспартыроўцы энэргетычных рэсурсаў (нафты, газу, электрычнасьці). Лічым неабходным таксама скасаваньне ўсіх перашкодаў з боку ўлады ў галіне доступу насельніцтва да інфармацыі і культурна-асьветніцкіх праектаў. Спрашчэньне візавага рэжыму і зьмяншэньне коштаў за візы для грамадзянаў Беларусі спрыяла б узаемаабмену думак і разуменьню дэмакратычнага ладу жыцьця. Мы хацелі б прыцягнуць увагу палітыкаў Эўразьвязу да сігналаў аб выпрацоўцы сумеснай стратэгіі Лукашэнкам і яго ўсходнімі саюзьнікамі ў дачыненьні да “Усходняга партнёрства.” На наш погляд, калі недаацаніць гэты чыньнік і не падключыць да праграмы “Усходняга партнёрства” ўсіх сілаў Рэспублікі Беларусь (уключна з эміграцыяй), то пэрспэктывы Партнёрства ў Беларусі могуць не разьвіцца, або спыніцца (што найгорш) на ўзроўні фактычнага прызнаньня і легітымізацыі недэмакратычнага рэжыму. Адчуваючы адказнасьць за наш народ, мы зацікаўленыя ў жыцьцяздольнасьці партнёрскай праграмы. Мы спадзяемся, што наша пазыцыя будзе пачута і падтрымана ініцыятарамі і ўсімі ўдзельнікамі “Усходняга партнёрства.” 6 траўня 2009 г. Прага. Івонка Сурвіла, Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, Зянон Пазьняк, кандыдат на прэзыдэнта Беларусі ў выбарах 1994 г. Станіслаў Шушкевіч, кандыдат на прэзыдэнта Беларусі ў выбарах 1994 г. Аляксандар Казулін, кандыдат на прэзыдэнта Беларусі ў выбарах 2006 г. |