АЛЕСЬ СМАЛЕНЕЦ (1893, г. Вязьма, Смаленшчына — 1966, ЗША) Як ягонае месца нараджэньня, так і псэўданім яшчэ раз сьведчаць, як далёка на ўсход ад сучасных дзяржаўных межаў Беларусі праходзіла наша мяжа этнічная. Выхаванец гістарычна-філялягічнага факультэту Маскоўскага ўнівэрсытэту і Аляксееўскай вайсковай школы, Алесь Ружанец-Ружанцоў (гэта сапраўднае прозьвішча) у юнацтве гераічна ваяваў на франтах Першай сусьветнай. Паслужыўшы пасьля 1917 году і ў “белых” і ў “чырвоных”, ён урэшце зрабіў свой выбар на карысьць змаганьня за незалежную Беларусь. Камандуючы беларускім батальёнам у Літоўскім войску, Смаленец здабыў вядомасьць і як аўтар нечаканых сваімі тэмамі й вобразамі экспрэсыўных вершаў, якія нараджаліся з жорсткіх рэаліяў ваеннага ліхалецьця. Адметнасьць ягоных твораў падкрэсьлівалі ўжо назвы: “На форце”, “Перад атакай”, “Зраньня ў акопах”... Раптам згасьлі ліхтарні... Задыміў папяросай, Моцна лаяўся нехта з матросаў... На сьнягу чырванела крывавая пляма, Зачынілась жыцьцёвая брама. Гэта радкі зь вершу “Расстрэл”, прысьвечанага Максіму Гарэцкаму, які, дарэчы, называў вершы Смаленца “моцнымі думкаю і арыгінальнымі формаю”. У 1920-я былы баявы камандзір быў консулам БНР у Коўне. У 1940-я працаваў пад кіраўніцтвам Кастуся Езавітава, беручы ўдзел ў спробе стварыць Беларускае войска. Па вайне Смаленец жыў у ЗША, дзе напісаў мэмуары, якія яшчэ чакаюць свайго выдаўца. У незалежнай Беларусі творы Алеся Смаленца ўпершыню зьявіліся ў кнізе “Туга па Радзіме. Паэзія беларускай эміграцыі” (Менск, 1992). Калі б я стаў раптам укладальнікам зборніка патрыятычных тэкстаў для беларускіх жаўнераў, абавязкова ўключыў бы туды верш “Перад атакай”: Ўжо празьвінела трубкі рытурнэль. Вушмі крануўшы, задрыжэлі коні. На штандару чырвоны знак Пагоні Яскрава сьвеціць... Трэснула шрапнэль. Праменьні сонца заліваюць блоні. Перад вачмі — як быццам акварэль. Мацней сьціскаеш шаблю у далоні І чуеш, як ляціць яшчэ шрапнэль. Уладзімер Арлоў |