"ЗМАГАРЫ ЗА ВОЛЬНУЮ БЕЛАРУСЬ" У апошнюю суботу траўня ў Таварыстве беларускай культуры ў Летуве адбылася чарговая імпрэза, прысьвечаная Івану і Лявону Луцкевічам. Іван Луцкевіч- неардынарная постаць у гісторыі Беларусі. Нарадзіўся ён у Шаўлях, вучыўся ў Лібаўскай і Менскай гімназіях, Маскоўскім археалагічным інстытуце, Пецярбургскім універсітэце, студыяваўся ў Вене, пасьля рэвавлюцыі 1905 гада перабраўся настала ў Вільню. Тут ён актыўна ўдзельнічае ў заснаваньні першых беларускіх газэт, выдавецтваў, навуковых таварыстваў, дзякуючы яму ў 1919 годзе пачала працаваць Віленская Беларуская гімназія, пазьней- беларускі музей імя Івана Луцкевіча, асновай экспанатаў стала яго прыватная калекцыя беларускіх старажытнасьцяў. Ён паўплываў на творчасьць Я.Купалы, Я.Коласа, Зм.Бядулі, М.Гарэцкага, М.Багдановіча і іншых пісьменьнікаў, лёс і творчасьць якіх зьвязаны зь Вільняй. Вясной гэтага года споўнілася 85 год з дня нараджэньня Лявона Луцкевіча- нашчадка роду Луцкевічаў. Ён нарадзіўся ў Вільні, скончыў знакамітую беларускую гімназію, выкладаў беларускую літаратуру ў Радашковічах, працаваў дырэктарам мастацкай школы ў Баранавічах.Ваеннае ліхалецьце яго закінула ў Прусію,Чэхаславаччыну, Польшчу. дзе і быў арыштаваны. Пакараньне адбываў на Калыме, вярнуўся ў родную яго сэрцу Вільню, пачаў зьбіраць матар,ял пра Івана і Антона Луцкевічаў, пра Базальянскія муры, \"беларускую Вільню\". Актыўна ўдзельнічаў у стварэньні ТБК, зьяўляўся яе сакратаром да апошніх дзён свайго жыцьця.Лявона Луцкевіча я ведала з канца 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя, карысталася яго прыватнай бібліятэкай, ад яго ўпершыню даведалася пра Паўліну Мядзёлку, Н.Арсеньеву, Б.Рагулю і іншых беларускіх дзеячоў, да яго прыходзіла з сваімі вучнямі, яго запрашала на сустрэчы ў беларускую школу ў Вільні, ён прыходзіў у школу, якую разам з сваім сябрам старшынёй ТБК Хведарам Нюнькам заснаваў, дзякуючы іх аўтарытэту ў літоўскім грамадстве пачала працаваць такая школа, кафедра беларусістыкі пры Віленскім педагагічным універсітэце. Як было прыемна, калі мы з вучнямі вярталіся з чарговай вандроўкі па \"беларускай Вільні\" і яны ўбачылі Лявона Луцкевіча, усе хорам закрычалі:\"Дзядзька Лявон ідзе!\" Пісалі неяк сачыненьне \"Цікавая сустрэча\" і некалькі вучняў пісалі пра Лявона Луцкевіча, яно захавалася ў маім архіве. Гэта было ў сярэдзіне 90-х гадоў - самыя плённыя ў культурна-грамадскім жыцьці дзядзькі Лявона.Здавалася так і будзе працягвацца, 28 ліпеня 1997 года перастала біцца сэрца Лявона Луцкевіча. Пахавалі яго побач з помнікам Івану й Антону Луцкевічам на старажытных могілках Росы.Цяпер я туды прыходжу кожны год на Дзяды і на Радаўніцу, запальваю сьвечку і стаўлю бел-чырвона-белыя кветкі.Таварыства зьняло пра яго паховіны добры відыяфільм, які будзе паказаны на чарговай імпрэзе, прсьвечанай Лявону Луцкевічу, 28 ліпеня, калі будзе адзначацца дзесяцігодзьдзе з дня ягонай сьмерці. Ідэю вольнай і незалежнай Беларусі, якую праз усё жыцьцё пранёс Лявон Луцкевіч працягваюць яго сябры, прыхільнікі, моладзь, якая прыходзіць у ТБК. Гэтым разам прысутныя на імпрэзе паглядзелі відыяфільм, зьняты таварыствам падчас адкрыцьця табліцы Пётру Сергіевічу ў траўні 1996 года, тады Лявон Луцкевіч шмат гаварыў пра мастака, якога ведаў зь сямі гадоў, і кватэра якога была цэнтрам беларускасьці на працягу дзесяцігодзьдзяў і якая, нажаль, не стала яго музеем. Так прыемна было пачуць жывы голас дзядзькі Лявона, успомніць тую гістарычную імпрэзу, а многія з прысутных яго ўбачылі ўпершыню: студэнты ЕГУ, беларускі студэнт , які вярнуўся з ЗША, а таксама намесьнік старшыні ТБК Хв.Нюнькі асьпірант Валера Місюк, які вёў мерапрыемства. Паведамленьне пра род Луцкевічаў падрыхтавала Л.Мілаш. Наступным выступіў з дакладам аб палітычным становішчы на Беларусі студэнт ЕГУ, палітолаг Артур Юдзіцкі. Яго выступленьне выклікала шырокі рэзананс, шмат было пытаньняў да выступоўцы, прысутныя актыўна ўключыліся ў дыскусію, аўдыторыя добра падрыхтаваная па пытаньнях гісторыі і палітычнага становішча ў Беларусі, у тым ліку абмяркоўваўся і чарговы кангрэс дэмакратычных сілаў, які пачаў працу ў гэты дзень у Менску. Прысутнічалі журналісты літоўскіх газет і радыё. а таксама радыё \"Палёнія\". Апошнім выступіў малады студэнт Андрусь Храпавіцкі, які два гады студыяваўся ў ЗША на журналіста, ён расказаў пра сябе, пра жыцьцё беларусаў у ЗША , да яго таксама было шмат пытаньняў і ў галіне журналістыкі, і па пытаньнях беларускай мовы і культуры ў сьвеце, як ведаюць Беларусь за акіянам. Андрусь Храпавіцкі ўпершыню наведаў Вільню, па запрашэньню старшыні ТБК, тут вучыцца ў ЕГУ ягоная дзяўчына Надзея Бабіч, якая першы раз прысутнічае на імпрэзах ТБК. Так кола чальцоў маладых ТБК пашыраецца , наладжваюцца кантакты, знаёмствы. Па просьбе старшыні ТБМ імя ФР.Скарыны Юры Гіля сябры ТБК на чале з старшынёй 28 траўня паедуць у Сьвіраны ўпарадкаваць мемарыяльную сядзібу Францішка Багушэвіча,перадаць ад таварыства кнігі для Савічунскай бібліятэкі, якой днямі прысвоена імя Фр.Багушэвіча. ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ! Леакадзія Мілаш, Вільня, 27 траўня 2007 год |