ПАМЯЦЬ КУРАПАТАЎ Дваццаць гадоў таму, 3 чэрвеня 1988, Беларусь прачнулася іншай. Яна пакуль яшчэ абудзілася пад гімн СССР і БССР па “радыёкропцы”, яна, як і дзесяцігодзьдзі, кіравалася з Масквы рашэньнямі ЦК КПСС і яго Палітбюро, што педантычна выконваліся ў ЦК КПБ, і зьнешне ні ў Менску, ні ў іншых гарадах ці ў вёсках ўсё заставалася па-ранейшаму, — але з гэтага дня Беларусі было наканавана зьмяніцца. У той дзень штотыднёвік “Літаратура і мастацтва”, які рэдагаваў Анатоль Вярцінскі, надрукаваў артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты – дарога сьмерці”. (Пісаў артыкул ад першага да апошняга слова адзін Пазьняк, але палічыў тактоўным узяць у суаўтары калегу, зь якім праводзіў дасьледваьне). З двух назоваў гэтай мясцовасьці – агульнапрынятай “Брод” і малавядомай лакальнай “Курапаты”— Пазьняк выбраў апошнюю, палічыўшы, што яна дае больш поўнае адлюстраваньне з'явы. Тое, як удалося надрукаваць артыкул – асобная тэма, якая, бясспрэчна, павінна быць зафіксаваная для гісторыі. Але сёньня – пра вынік. У тыя часы гарбачоўскай “перабудовы” пра рэпрэсіі ў афіцыйнай прэсе пісалася шмат. Чаму ж менавіта адкрыцьцё Курапатаў мела такі моцны эмацыйны і, пазьней – палітычны эфэкт? Тагачаснае камуністычнае кіраўніцтва БССР калі і не адмаўляла наяўнасьць рэпрэсій, дык сьцьвярджала, што гэта – “скажэньне ленінскай палітыкі”. Абвергнуць факт растрэлаў і катаваньняў ім было немагчыма, але лёгка стваралася ўражаньне, што усё гэта было не на беларускай зямлі, а недзе далёка – у Магадане, у Сібіры, у Казахстане, ці ў маскоўскай Лубянцы. Газэты пісалі пра трагічныя лёсы Бухарына, Рыкава, Каменева — прадстаўнікоў партыйнай эліты (ня меньш вінаватых у прыходзе да ўлады бальшавікоў на чале з Леніным, чым сам Сталін). Пазьняк сказаў (упершыню), што забівалі вось тут, побач, дзе ты ці твой знаёмы у мінулую суботу з кампаніяй смажылі шашлыкі. Пазьняк цытаваў расповеды жыхароў навакольных вёсак, і нешта жахлівае было ў тым спалучэньні будзёнасьці і трагедыі, якая ажывала ў словах сьведкаў. Пазьняк даказаў, што зьнішчалі ня толькі вышэйшую наменклатуру, ня толькі інтэлектуальную эліту (хаця, канешне, вынішчаць імкнуліся найперш эліту, ды і нацыянальна арыентаванае кіраўніцтва таксама), — забівалі тысячы простых сялян, тысячы звычайных рабочых. Пазьняк даў прыблізную лічбу забітых у Курапатах – ня меньш за 102 тысячы чалавек (у кожным пахаваньні ў сярэднім 200 нябожчыкаў). Але рэальная лічба, пісаў ён, большая, бо колькасьць пахаваньняў магла дасягнуць 900 – значыць, колькасьць забітых сягае за 200 тысяч. Гэта больш, чым колькасьць жыхароў у сёньняшнім Полацаку і Наваполацку разам узятых. (Прыкметна, што нават энцыкляпэдычны слоўнік “Беларусь”, выдадзены ўжо пры Лукашэнку, падае лічбу 50 тысяч чалавек). Больш як 200 тысяч чалавек– гэта, усё ж, не “асобныя прадстаўнікі” народу і нават не “шырокае кола прадстаўнікоў”. Гэта ўжо – сам народ. І, нарэшце, ён сказаў, што зьнішчалі – менавіта беларускі народ. У апошніх радках артыкулу прагучала слова “генацыд”. Ужо пазьней дасьледчыкамі было даказана, што сярод тых, хто расстрэльваў, адзінкі паходзілі з Беларусі – у канцы 30-ых гадоў НКВД было сфармавана пераважна з выхадцаў з расейскіх вобласьцяў. Было упершыню сказана пра мэтанакіраванае зьнішчэньне нацыі – і нацыя ўспрыняла, адгукнулася яднаньнем, самаарганізацыяй. Мне ужо даводзілася пісаць, што пэрыяд апошняга нацыянальнага Адраджэньня вызначаны двума датамі – публікацыяй артыкулу пра Курапаты 3 чэрвеня 1988 году і “рэфэрэндумам” 14 мая 1995 г. аб лёсе ( лёсе ў лукашэнкаўскай Беларусі, канешне, а ня ў вечнасьці) Бел-Чырвона-Белага Сьцяга, “Пагоні” і беларускай мовы. Менавіта артыкул у ЛіМе даў штуршок да стварэньня 19 кастрычніка 1988 году “Мартыралогу Беларусі” і аргкамітэту БНФ. Абапіраючыся на Народны Фронт і яе дэпутацкую групу ў Вярхоўным Савеце, Пазьняк здолеў ня толькі абвясьціць ідэю беларускай Незалежнасьці, але і рэалізаваць яе палітычна. 27 ліпеня 1990 году была прынятая Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, а і 25 жніўня 1991 года ёй быў нададзены статус канстытуцыйнай сілы. Гэта быў рэальны палітычны вынік. Ён быў дасягнуты шмат якімі прагматычнымі, матэматычна выверанымі крокамі лідэра БНФ — і падтрымкай тысяч актывістаў Народнага Фронту, прыхільнікаў дэмакратыі, якія выходзілі на плошчу перад Домам ураду. Але сымвалічна, што пачатак такога рэальнага палітычнага выніку бярэ пачатак у духоўным – у вяртаньні нацыі памяці пра Курапаты, дзе палеглі і тыя, хто ўтварыў 25 сакавіка 1918 г. Беларускую Народную Рэспубліку, ды так і не пабачыў ідэю беларускай дзяржаўнасьці рэалізаванай... Ёсьць яшчэ адзін аспэкт, у той час не заўважаны грамадзтвам, але, пэўна ж, дакладна пралічаны тымі, хто успрыняў артыкул як ўдар па сваіх ідэялах. Адкрыцьцё Курапатаў – гэта і знаходкі матэрыяльных улік для магчымага судовага працэсу над камунізмам. Выступы і рэзалюцыі ХХ і ХХ11-га партыйных з'ездаў з асуджэньнем “культу асобы” могуць быць сьпісаныя на палітычную барацьбу партыйных кланаў ці ўспрынятыя як ускосныя ўлікі. Прастраляныя чарапы, косьці, кулі ад наганаў – гэта ўжо прамыя доказы. Магчыма, у гэтым і ёсьць адна з галоўных прычынаў нянавісьці, якую маюць да Пазьняка палітычныя спадкаемцы бальшавізму. Уступ да артыкулу напісаў Васіль Быкаў, і пазьней, на Дзяды, Васіль Уладзімеравіч заўсёды прыходзіў на шэсьце ў Курапаты, якое ладзіў Беларускі Народны Фронт. На тыя шэсьці зьбіраліся мы звычайна каля вядомага дому на пачатку галоўнага праспэкту сталіцы і ставілі шыльду: “Адсюль, з будынка НКВД, пачынаўся пакутны шлях у Курапаты. Вечная памяць ахвярам бальшавіцкага тэрору!”. Быкаў казаў кароткую прамову, выступалі Рыгор Барадулін, вязень ГУЛАГу Сяргей Грахоўскі, а потым рушылі па праспэкце – да саміх Курапатаў. Шыльда ля былога НКВД назаўтра, канешне, зьнікала. У гэтым доме (пасьля вайны ён разбудаваны ў квартал карпусоў) цяпер захоўваюцца ўсё яшчэ не рассакрэчаныя тысячы, дзесяткі тысяч спраў і забітых, і тых, хто забіваў. Якія такія дзяржаўныя таямніцы ўтрымліваюць тыя паперы, што і праз семдзесят год яны маюць грыф “сакрэтна”? Якія таямніцы ахоўвае дзяржава? Мэтады вербоўкі стукачоў, парадак афармленьня палітычных даносаў? Тэхналёгію забойства двух чалавек адной куляй (гэтак часта рабілі ў Курапатах)? Спосабы пахаваньня трупаў у некалькі слаёў? Гэта таму сакрэтна, таму важна, што – спатрэбіцца? І ці трэба разумець, што калі КДБ перахоўвае таямніцы НКВД, яно зьяўляецца спадкаемцам (духоўным і палітычным) гэтага самага НКВД? Нядаўна новапрызначаны кіраўнік “ідэялягічнага упраўленьня” на пытаньне, чаму адкрытая “лінія Сталіна”, адказаў, што існуюць людзі, для якіх з імём Сталіна зьвязаныя іх маладыя, лепшыя гады і перамогі пад час вайны. І што іх пачуцьці трэба паважаць. Уявіце, што ў сучаснай Нямеччыне архівы СС – засакрэчаныя (бо нельга выдаваць прафэсыйныя таямніцы спэцслужбаў). Што ёсьць вуліцы Гітлера і Гімлера – бо, маўляў, жывуць яшчэ тыя, для каго вобраз фюрэра і ягоных паплечнікаў атаясамліваецца з іх маладосьцю, з энтузыязмам будаўніцтва першых аўтабанаў, з перамогамі на Заходнім і Усходнім фронтах... Паважаючы пачуцьці прыхільнікаў Сталіна, улада ні словам, ні справай не прыгадвае пра пачуцьці былых вязьняў ГУЛАГу, родных і блізкіх тых, хто расстраляны ў Курапатах. Ужо пры Лукашэнку іх пазбавілі нешматлікіх ільготаў ( значна меншых, чым ў вэтэранаў НКВД-КГБ). Пагаджуся з тымі, хто кажа, што нельга параўноўваць нацызм з камунізмам, СС з НКВД-КДБ. Нацызм праіснаваў толькі дванаццаць гадоў – камунізм больш як семдзесят, і колькасьць ахвяраў камунізму значна перавышае колькасьць тых, хто загінуў ад рук нацыстаў. І ўсё ж справа ня толькі ў лічбах. Калі тады, на мяжы 1980-90 гадоў Пазьняк казаў пра неабходнасьць суду над камунізмам па тыпу Нюрнбергскага, ён падкрэсьліваў, што гаворка найперш пра асуджэньне ідэалёгіі, без чаго ісьці далей будзе немагчыма. Але тыя, хто зьдзекваўся з той ідэі, жадалі рухацца не наперад, а назад. Дайшлі да “лініі Сталіна”. Цяпер туды, а не ў Курапаты возяць экскурсіі. За дваццаць гадоў у Курапатах былі прэзыдэнты, ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі, замежныя дыпляматы – Лукашэнка ніводнага разу не прыехаў. Прыкметна і тое, што, знаходзячы і караючы аўтараў надпісу “Жыве Беларусь!”, міліцыя і спэцслужбы ніколі не адшукалі тых, хто разьбіваў памятны знак Клінтана , ламаў крыжы, апаганьваў магілы. У пачатку 90-ых гадоў адмысловая камісія павінна была прапанаваць праект мэмарыялу ў Курапатах. Ці то сутыкнуліся амбіцыі скульптараў ды архітэктараў, ці то адмыслова справа была зацягнутая да моманту, калі рэпрэсіі ізноў вярнуліся ў арсэнал улады – але ідэя мэмарыялу не ажыцьцявілася. Аднак часам мне падаецца, што ў гэтым ёсьць пэўны глыбокі сэнс. І ня толькі таму, што нават самы лепшы праект ня можа быць адэкватны маштабу нацыянальнай трагедыі. Добра разумеючы сутнасьць цяперашняй улады, простыя людзі прыходзяць і ўсталёўваюць тут крыжы. Кожную суботу актывісты Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ ладзяць тут талаку, расчышчаюць зямлю ад сьмецьця. Ствараецца сапраўды народны мэмарыял. І, урэшце, памяць – не у мармуры, а ў сэрцах. Сяргей Навумчык (Паводле: “Народная воля”, 29 траўня 2008) |