АЛКАГАЛІЗАЦЫЯ НАРОДУ РЭЖЫМАМ

На пачатку красавіка ў сталічны гарвыканкам запрасілі нетыповую грамаду. Менская ўлада прымала сьвятароў розных канфэсіяў, якія служаць у храмах сталіцы. Адбылася ня столькі дыскусія, колькі натацыя. Выканкам даў заданьне рэлігійным аўтарытэтам маліцца за здаровы лад жыцьця і заклікаць сваю паству не злоўжываць алкагольнымі напоямі. Паводле разнарадкі, нешта падобнае адбылося і ў іншых гарадах і мястэчках Беларусі.

Здавалася б, прагучала прыгожа: дзяржава дбае пра цьвярозасьць і здароўе, зьвяртаецца па партнёрства і дапамогу да вядучых прадстаўнікоў рэлігійнага жыцьця, каб яны дапамаглі аздаравіць народ. Прагучала прыгожа, як пры Гарбачове зь ягонай антыалкагольнай кампаніяй. Але тады маштабы былі іншыя і рэзкія дзеяньні назіраліся, нават вінаграднікі павысякалі. У нашым выпадку маштабы былі значна меншыя і грамадзтва амаль нічога не даведалася пра плян яго аздараўленьня. Што да дзеяньняў, то яны аказаліся адпаведнымі хлусьлівай і крывадушнай калгаснай дыктатуры.

Пасьля візыту сьвятароў да сталічнага начальства сапраўды адбылася мэтамарфоза на алкагольную тэму. Не, ніхто не граміў склады з гарэлкай і ня сёк вінаградную лазу (якая ў нас не расьце). Усё было з дакладнасьцю да наадварот. Пляшкі з алкагольнымі напоямі зьявіліся там, дзе іх забаронена было выстаўляць на працягу доўгага часу: у шапіках і крамах на вагзалах, на вялікіх гасьцінцах, дзе праязджае шмат людзей, каля навучальных і дзіцячых установаў. Антыалкагольная кампанія лукашызма разгарнулася пад дэвізам “Пі — весяліся!”

Антынароднаму рэжыму патрэбнае ачмурэлае ад п'янства народанасельніцтва і грошы зь яго за алькаголь. Лукашызм баіцца цьвярозага народу, які здольны думаць, рабіць высновы і абараняць свае парушаныя правы. Хунта даўно ўжо рэалізуе яшчэ адзін класічны спосаб падрыву здароўя і зьнішчэньня падняволеных людзей. Цяпер алкагалізацыю людзей яна робіць гэта пад прыкрыцьцём “антыалкагольнай кампаніі”.

Янка Базыль