1918 ГОД — ВЯСНА НАРОДАЎ

Даклад, прачытаны 17 сакавіка 2002 г. на канфэрэнцыі “Ідэалы БНР і Адраджэньне Беларусі”, арганізаванай Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыіяй — БНФ у Менску.

Традыцыйна ў гісторыяграфіі тэрмін “Вясна Народаў” ужываецца датычна эўрапейскіх падзеяў 1848-49 гадоў, рэвалюцыйнага ўздыму народаў, сапраўды апагэю 19 стагоддзя. Але ў прыродзе за вясной настае лета, цараваньне сонца. А Вясна Народаў 1848-49 гг. скончылася катастрофай і змрочнай рэакцыяй, паразай нацыянальна-вызваленчых рэвалюцый. Засталіся стаяць на гліняных нагах фэадальныя імпэрыі. І хаця сучасьнікі называлі менавіта Асманскую імпэрыю “хворым чалавекам Эўропы”, такога дыягназу заслугоўваў кожны з дынастычных рэліктаў — Расейская, Аўстра-Угорская, Нямецкая (хаця большасьць яе калёній знаходзілася па-за Эўропай) імпэрыі.

Вялікая вайна (так сучасьнікі называлі Першую сусьветную) 1914-18 гг. выклікала на нашым кантынэнце палітычны катаклізм, маштабы і сілу якога можна суадносіць хіба з эпохай напалеёнаўскіх войнаў. У 1918 г. і на працягу некалькіх наступных гадоў рассыпаліся і сышлі ў нябыт імпэрскія валадараньні, якія ўтвараліся і існавалі стагоддзямі. Карта Эўропы кардынальна зьмянілася, паўсталі новыя нацыянальныя і шматнацыянальныя дзяржавы, перамогай скончылася барацьба многіх пакаленьняў за свабоду і незалежнасьць. Ня будзе перабольшваньнем казаць пра эпоху Вясны Народаў. Настолькі быў спрэсаваны, поўны падзеяў гістарычны час гэтых трох гадоў. Сімвалічна прагучалі словы лідэра Ірляндзкай рэвалюцыі Майкла Колінза. Калі ў 1921 г. ён зьявіўся са сваімі генэраламі ў Дублінскім замку дзеля ўзьняцьця ірляндзкага сьцягу, што сімвалізавала канец брытанскай акупацыі, брытанцы заявілі, што, маўляў, не настаў яшчэ вызначаны пратаколам час распачынаць цырымонію. Колінз зірнуў на гадзіньнік і сказаў з усьмешкай: “Мы чакалі гэты момант васемсот гадоў, пачакаем жа восем хвілін...” Менавіта перамогай ірляндзкага народу й завершылася Вясна Народаў.

У 1918-21 гг. у Эўропе нарадзілася больш незалежных дзяржаваў, чым за ўсё папярэдняе стагоддзе. У першай палове 19 ст. заваявала незалежнасьць Грэцыя і скончылася перамогай Бэльгійская рэвалюцыя. У другой палове 19 ст. вызваліліся ад асманскага іга Баўгарыя, Румынія і Сэрбія, узьнікла Італія, дзе пачалося стварэньне адзінай нацыі ў сучасным сэнсе слова. Пасьля паразы 1848-49 гг. працэс нацыянальнага адраджэньня разьвіваўся прыкладна ў аднолькавых формах у розных этнасаў: асьветніцтва, адраджэньне літаратурнай мовы, культурнай і гістарычнай традыцыі. Да 1918 г. нават не фармуляваліся праграмы нацыянальна-дзяржаўнай незалежнасьці. Чэхі, харваты, угорцы, фіны і г.д. бачылі сваю будучыню ў рамках аўтаноміі ў межах існуючых імпэрый. Выключэньне складалі хіба толькі палякі ды ірляндцы, а таксама нешматлікія нацыянальныя групоўкі, якія ўпарта змагаліся за поўную дзяржаўную незалежнасьць. Афіцыйная імпэрская прапаганда абзывала іх “нацыянал-радыкаламі, бандытамі, тэрарыстамі, экстрэмістамі” (знаёмая нам і сёньня лексіка, ці не праўда?). Першым сігналам аб набліжэньні новай эпохі было нацыянальна-дзяржаўнае вызваленьне Нарвэгіі ў 1905 г. На рэфэрэндуме па пытаньні выйсьця з уніі са Швэцыяй з паўтарамільённага насельніцтва Нарвэгіі толькі 183 асобы прагаласавалі супраць незалежнасьці (!).

Мой любімы эпізод Вясны Народаў нібыта пераказаны Гансам Крысьціянам Андэрсэнам. Пасьля паразы кайзэраўскай Нямеччыны ў сусьветнай вайне датчане вырашылі вярнуць ва ўлоньне нацыянальнай дзяржавы некалькі паўднёвых паветаў, захопленых у 19 ст. прусакамі. Дацкае войска маршыравала сярод натоўпаў, ахопленых радасьцю вызваленьня. Дзеці падносілі кветкі каралю, што ехаў на чале аддзелаў. Людзі танцавалі на вуліцах (стрыманыя, флегматычныя, ураўнаважаныя датчане!). У паведамленьнях сьведкаў і ўдзельнікаў падзеяў паўстаюць надзіва падобныя карціны моманту абвяшчэньня нацыянальнай дзяржавы ў розных гарадах, у розных кутках Эўропы: на плошчах зьбіраюцца шматтысячныя натоўпы, мора нацыянальных сьцягоў; людзі, знаёмыя і незнаёмыя, абдымаюцца і віншуюць адзін аднаго, сьпяваюць нацыянальныя песьні; у храмах ідуць багаслужбы ў падзяку Усявышняму за дараваную волю. Чаму народы розных традыцыяў, розных паводзінавых стэрэатыпаў так аднолькава рэагавалі на маніфэст аб дзяржаўнай незалежнасьці? А таму, што Воля і Незалежнасьць. Таму што нармальны народ менавіта так рэагуе на вызваленьне ад імпэрыі.

Аднак, паліптых эўрапейскага абнаўленьня намаляваны далёка ня толькі яркімі, сьвяточнымі фарбамі. Вясна Народаў — гэта вялікая драма. Лёс Беларускай Народнай Рэспублікі зьяўляецца адным з актаў гэтай хвалюючай драмы. Усё зьмяшалася ў эўрапейскім доме. Румыны прайшлі фарсаваным маршам і захапілі Будапэшт. Чэхаславацкія легіянэры біліся з угорскімі жаўнерамі на вуліцах славацкіх гарадоў. Закарпацкія ўкраінцы заявілі свае прэтэнзіі на незалежнасьць, і іх душылі ўгорскія карнікі. Легіянэры Пілсудскага раззбройвалі нямецкіх жаўнераў, а немцы высаджвалі дэсанты ў Фінляндыі і Эстоніі, каб дапамагчы нацыяналістам бараніцца супраць камуністаў і расейскай агрэсіі etc. etc. Вызначаліся новыя межы, новыя палітычныя хаўрусы і арыентацыі, маладым дзяржавам трэба было абараніцца ад “пралетарскага інтэрнацыяналізму” чырвонай Масквы.

Беларуская рэвалюцыя завяршылася гераічным Слуцкім Збройным Чынам. Камэнтатары стварылі вобраз, рамантычны і ўзьнёслы, але не адпавядаючы гістарычнай праўдзе: “Яны ішлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына...” Душа не прымае гэтую штучную лірыку. Случакі выступілі на сцэне гісторыі не як гладыятары, яны прадэманстравалі бяспрыкладную палітычную сьпеласьць і вайсковае майстэрства. Палкамі камандавалі прафэсійныя вайскоўцы. Панаваў не адчай, а баявы дух. Яны ішлі змагацца і жыць, каб жыла Бацькаўшчына. Панарама Вясны Народаў дае прыклады ня менш, а можа яшчэ больш складаных сітуацыяў. Так, аддзелы балтыйскіх немцаў і расейцаў пад камандай авантурніка Бэрманта захапілі палову Латвіі і Рыгі. Фронт стаяў на Дзьвіне. Але латышы адбіліся і вызвалілі сваю краіну. Успомнім “цуд на Вісьле” у 1920 г., калі палякі ўжо на подступах да Варшавы разьбілі арду Тухачэўскага. Вагі гісторыі хісталіся ў тыя гады нечакана і, сапраўды, цудоўным чынам.

Тую Вясну Народаў можна параўнаць толькі з падзеямі канца 1980-х — пачатку 90-х гг. Калі ўвосень 1988 г. мы ўтваралі Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”, ішлі на першыя акцыі, пачыналі ўсьведамляць сябе нацыяналістамі і адраджэнцамі, ці маглі мы ўявіць сябе, што ўжо праз год у выніку ў тым ліку і нашых дзеяньняў вызваляцца ад камуністычнай заразы і савецка-расейскай акупацыі Чэхаславаччына, Угоршчына, Усходняя Нямеччына, Баўгарыя... Што праз два с паловай гады пачнецца развал саўдэпіі, і будзе абвешчаная незалежная Беларуская Дзяржава? Народная салідарнасьць і пасьлядоўная барацьба падпарадкавалі сябе гістарычныя тэндэнцыі. Немагчымае стала магчымым. Беларуская рэвалюцыя мае свой багаты досьвед. Наша рэвалюцыя працягваецца. І на перадзе ў нас — перамога.

Валеры Буйвал