ФРАНЦУЗКАЯ ГАЗЭТА “LE FIGARO”

28 сакавіка 2007 г. Французкая газэта “Le Figaro” публікуе юбілейную падборку артыкулаў і фотаздымкаў, прысьвечаную 50-м угодкам утварэньня Эўразьвязу. Зразумела, што ўсё выканана ў аптымістычным бравурным ключы. І так у асноўным па ўсіх заходніх СМІ.

Наш камэнтар: Але гледачы тэлеканалу “Эўраньюс” усё ж даведаліся пра непрывабны эпізод з гісторыі ЭЗ. А менавіта пра сам момант падпісаньня Рымскага трактату, якім першыя краіны-сябры запачаткавалі Эўразьвяз 25 сакавіка 1957 г. Адзін з вэтэранаў-дыпляматаў распавёў пра фінальныя напружаныя дыскусіі за рымскім сталом. Міністры так запрацаваліся, што канчатковы варыянт трактату пакінулі на стале і пайшлі спаць. Прыбіральшчыцы, якія падрыхтоўвалі залю для заўтрашняй цырымоніі падпісаньня, сабралі са стала ўсе паперы і выкінулі іх у сьмецьце. Раніцай пасьля пэўнай панікі арганізатары знайшлі “геніяльнае” выйсьце. Яны падклалі на подпіс міністрам кіпу пустых аркушоў, у якой толькі першы і апошні аркуш зьмяшчалі сьпіс падпісантаў і рэзюмэ (у крымінальным сьвеце такое называецца “куклай”).

Трэба адзначыць, што нават з падпісаньнем антынароднага СССР у 1922 годзе не здаралася такога падлогу. ЭЗ, такім чынам, пачаў сваю гісторыю з жульніцтва і фальшыўкі. Што ж зьдзіўляцца паводзінам цяперашніх барозаў, бэнітаў і тысячаў іншых брусэльскіх цынікаў. Яны падманваюць эўрапейскія народы, бяруць мільённыя ганарары ад Масквы, здаюць Беларусь у расейскі палон, ізалююць наш народ ад Эўропы. На апошні Дзень Волі іхныя прадстаўнікі вельмі камфортна пачуваліся разам з мясцовымі псэўдаапазыцыянэрамі. Адзін з брусэльскіх гасьцей (Анышкевіч) нават заявіў, што “трэба зьмякчаць рэжым Лукашэнкі, насьледваць у гэтым досьвед польскай “Салідарнасьці”, якія разьмякчыла Ярузэльскага...” Ня трэба, аднак, панове, падсоўваць беларусам “куклу”. Мы не дурныя, нас не падмануць вашыя ўсьмешачкі.

Валеры Буйвал