БЕЛАРУСЫ СТАНОВЯЦЦА ЗАКЛАДНІКАМІ МІЖНАРОДНЫХ ЗЛАЧЫНЦАЎ

2 красавіка 2007 г. Бэльгійская газэта “La Libre Belgique” нагадала пра 25-я ўгодкі пачатку Фальклэндскай вайны. 2 красавіка 1982 г. аргентынская вайсковая хунта высадзіла войскі на Фальклэндскіх (Мальвінскіх) выспах, якія належаць Вялікай Брытаніі, і абвясьціла пра іх “вызваленьне” ад брытанцаў. Брытанія паслала праз палову зямной кулі вялікую эскадру і на працягу некалькіх тыдняў разграміла аргентынцаў. Загінулі 650 аргентынскіх і 255 брытанскіх вайскоўцаў. У выніку паразы праваліўся крывавы рэжым аргентынскай дыктатуры, пачалася дэмакратызацыя краіны. Параза была вялікай траўмай і для аргентынскіх вайскоўцаў. 350 зь іх скончылі жыцьцё самагубствам, бо на радзіме іх сустрэла раўнадушнасьць грамадзтва, беспрацоўе і галеча.

Наш камэнтар: Вядома, што ўсе дыктатуры любяць “маленькія пераможныя войны”, якімі яны спадзяюцца падняць свой аўтарытэт і прыглушыць унутраныя сацыяльна-эканамічныя праблемы. Прамаскоўская дыктатура ў Беларусі з дапамогай сваіх крамлёўскіх гаспадароў вынайшла новы спосаб “маленькай перамогі”, якая да таго ж прыносіць вялізарныя сумы ў дыктатарскі куфэрак. А менавіта канал продажы расейскай зброі, які даўно ўжо называецца “беларускім калідорам”.

Выкарыстоўваючы нашых людзей, нашу тэхніку, імя нашай дзяржавы, маскоўцы ў парушэньне міжнародных законаў забясьпечваюць крыважэрныя рэжымы ва ўсім сьвеце прыладамі сьмерці. У маскоўцаў застаюцца нібыта “чыстыя рукі” і львіная доля прыбыткаў. Беларусам застаецца праклён ахвяраў войнаў, зганьбленае імя на міжнароднай арэне і ў выніку міжнародная ізаляцыя нашых грамадзянаў. Як вядома, у сакавіку сёлета два беларускія транспартныя самалёты былі зьбітыя ў Магадзіша, дзе лютуе грамадзянская вайна. Менскі афіцыёз апошнім з усіх паведаміў, што там загінулі беларускія авіятары. Аднак, рэжым ня мог утрымацца, каб і тут не нахлусіць грамадзтву. Пазьней высьветлілася, што ў Магадзіша загінулі таксама й 11 афіцэраў Беларускай арміі даволі высокага рангу. Не выпадкова хлусіць і выкручваецца афіцыёз. Наша грамадзтва павінна б спытаць цяпер: а што там рабілі нашыя вайскоўцы і калі гэта шклоўскія “палаткі” абвясьцілі вайну Самалі? Але грамадзтва маўчыць, крывавы “беларускі калідор” (які зусім ня ёсьць беларускім) працягвае напружана функцыянаваць. Маўклівае насельніцтва становіцца закладнікам міжнародных злачынцаў.

Юрка Марозаў