ШЭСЬЦЕ НА КУРАПАТЫ АДБУДЗЕЦЦА Ў НЯДЗЕЛЮ 30 КАСТРЫЧНІКА

Як паведаміў намесьнік старшыні Партыі БНФ Юрась Беленькі, сёлета шэсьце на Курапаты, прымеркаванае да Дзядоў, адбудзецца ў нядзелю 30 кастрычніка — адпаведную заяўку падалі ў Менгарвыканкам і Менаблвыканкам сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ.

Беленькі: “Збор удзельнікаў у 10:30 на бульвары Талбухіна на пляцоўцы каля гадзіньнікавага заводу. З 11:00 да 14:30 плянуецца шэсьце. У заяўцы мы просім даць дазвол прайсьці ад гадзіньнікавага заводу да кальцавой дарогі па ходніках і адной паласе праезнай часткі. Маршрут традыцыйны. Шэсьце па праспэкце Скарыны, вуліцах Каліноўскага, Сядых, Карбышава, Гамарніка і Мірашнічэнкі да кальцавой дарогі. Пачатк мітынгу ў 14:30, заканчэньне ў 17 гадзінаў”.

Гэта будзе ўжо васямнаццатае шэсьце на Курапаты на Дзяды, пачынаючы ад 1988 году, калі міліцыя пры разгоне ўдзельнікаў акцыі ўжыла сьлезацечны газ. Летась улады далі дазвол на правядзеньне шэсьця на Дзяды, але забаранілі наладзіць мітынг у Курапатах. Арганізатары акцыі зьвязвалі забарону на мітынг з тым, што акцыя адбывалася амаль адразу пасьля рэфэрэндуму і шматлікіх акцыяў на знак пратэсту супраць яго вынікаў.

Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ традыцыйна ўвосень парадкуюць тэрыторыю ўрочышча Курапаты, месца гібелі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Беленькі: “На бліжэйшыя суботы плянуюцца прыблізна аб 11-й гадзіне талокі па прыборцы ўрочышча, падрыхтоўка да ўсталяваньня крыжоў. Уся гэтая праца вельмі патрэбная і з удзячнасьцю прымаецца тымі людзьмі, якія ўвесь час там знаходзяцца, працуюць, якія апякуюцца Курапатамі”.

Паводле Радыё “Свабода”