РАЗДАЕШ ПАРТЫЙНУЮ ЛІТАРАТУРУ — ЗНАЧЫЦЬ “ДРОБНЫ ХУЛІГАН”

Уладзімера Плешчанку аштрафавалі за распаўсюджаньне партыйнай літаратуры паводле артыкулу “дробнае хуліганства”. Памер грашовага штрафу, які прысудзіў віцебскаму сябру КХП БНФ судзьдзя Чыгуначнага раённага суду Юры Урбан, складае адну базавую велічыню — 25 тысяч 500 рублёў.

Міліцыянты, якія затрымалі У. Плешчанку, абвінавацілі яго ў тым, што ён абражаў віцебскіх прахожых, стоячы каля дома № 28 па вуліцы Леніна — на тым месцы, дзе ён звычайна распаўсюджвае партыйны бюлетэнь “Беларуская салідарнасьць”.

Нікога з “пакрыўджаных” прахожых, за якіх нібыта заступіліся міліцыянты, у судзе не было. Адзіным сьведкам быў той самы супрацоўнік міліцыі, які затрымліваў Уладзімера Плешчанку. Ягоныя словы пра тое, што, маўляў, “Плешчанка заўсёды сябе дрэнна паводзіць, ён выходзіць са сваімі газэтамі, і зь ім нічога ня можна зрабіць, бо ён не баіцца міліцыі” суд улічыў у якасьці галоўнага аргумэнта супраць арыштаванага.

Судзьдзя прызнаў спадара Плешчанку вінаватым у дробным хуліганстве, хаця распаўсюджаньне газэтаў пад гэты артыкул ніякім чынам не падпадае.

Зважаючы на тое, што Ўладзімер Плешчанка ўжо мае некалькі мільёнаў нясплачаных штрафаў, 25 з паловай тысячаў рублёў — гэта самае малое грашовае пакараньне за апошнія некалькі гадоў. Аднак, паводле словаў У. Плешчанкі, яно і самае абразьлівае, бо вынесенае, фактычна, толькі таму, што міліцыянтам не падабаецца ягоная прысутнасьць у цэнтры Віцебску.

Браніслава Станкевіч, Радыё “Свабода”