ЭЎРАСУЛТАНІЗМ

У часы азіяцкага іга на Ўсходзе кіраўнікоў залежных княстваў і пашалыкаў прызначалі ханы і султаны. Кандыдаты на пасад у рускіх княствах мусілі езьдзіць у Арду, цалаваць ногі хану і прасіць выдаць ярлык (па цяперашняму — мандат) на княжаньне ў Цьверы, Разані або Маскве. Рускія кандыдаты стукалі адзін на аднаго, ладзілі сярэнявечны піяр. Ардынцы прымушалі іх выконваць розныя зьневажальныя кульбіты — трэба было скакаць перад ханам праз вогнішча, бегаць на карачках і г. д. Прыкладна тое ж прымушаў рабіць з эўрапейскімі кандыдатамі на васальныя троны стамбульскі султан перад выдачай фірмана на княжаньне. 6-га кастрычніка нечакана для ўсіх канцлер Нямеччыны Шродэр зьявіўся па фірман у Пецярбургу. Пуцін сустрэў яго лагодна, праз вогнішча скакаць не прымушаў (палкоўнік звычайна запрашаў свайго “немецкого друга” ў лазьню-парылку). Але, мабыць, і паабяцаць нічога ня мог. Уся Эўропа даволі даўно заўважыла, што Шродэр паводзіць сябе, як васал гэбоўскага лідэра Расеі. Але чаго ні зробіш “на благо немецкого народа”. Праціўнікі сацыяліста Шродэра — хрысьціянскія дэмакраты ў адкрытую пачалі гаварыць падчас сёлетняй выбарчай кампаніі пра ненармальную (абсалютную) залежнасьць Нямеччыны ад расейскіх нафты і газу. Маўляў, дастаткова будзе ў Крамлі закруціць вэнціль, і ўся ФРГ застанецца халодная і галодная. Зямля пад нагамі шродэравых сацыялістаў захісталася. На нядаўніх выбарах у Бундэстаг хадэкі апярэдзілі іх “усяго” на 400 тысячаў галасоў. Але гэта ня важна, паводле нямецкіх законаў такой і нават меншай перавагі дастаткова, каб пераможцы прызначалі свайго канцлера (у дадзеным выпадку фраў Мэркэль) і фармавалі новы ўрад. Але ўпершыню за пасьляваенную гісторыю Нямеччыны прайграўшыя ня выконваюць закон, не саступаюць уладу (можа гэта яны ў Вінцучка навучыліся? — але гэта мы жартам). Больш таго расейскі васал Шродэр здольны на гістэрычныя крокі. Вось раптам у Расею да свайго султана паляцеў, у ножкі падаў.

Глядзіш на гэта і думаеш: да якой гнюснасьці дакацілася лібэральная заходняя “дэмакратыя”, прысьцёбнутая да Расеі! Забыліся пра сорам, наплявалі на Канстытуцыю і Закон. У гэтыя ж дні брытанец Блэр заяўляе Пуціну, што ў абмен за нафту і газ Эўразьвяз ня будзе папікаць Расею за вайну ў Чачэніі і не адкрые сьвету “вялікае ірацкае дасье на Расею”. Можна зразумець эўрачыноўнікаў, калі яны прадаюць у расейскае рабства у абмен на энэрганосьбіты чачэнскі і беларускі народы. Але ж у Іраку тэрарысты пад камандай ФСБ (пра гэта напісана ў згаданым дасье) рэгулярна забіваюць брытанскіх і іншых эўрапейскіх вайскоўцаў — і хоць бы хны, брытанскі народ і ўвесь сьвет не даведаюцца пра сэнсацыйныя адкрыцьці заходніх спэцслужбаў. Затое лубянскі султан не разгневаецца.

Валеры Буйвал