“МЭТА ПІКЕТУ — НАГАДАЦЬ ЧЫНАВЕНСТВУ, ШТО ВАНДАЛІЗМ, ЯКІ РОБІЦЦА Ў БЕЛАРУСКАЙ СТАЛІЦЫ, ГЭТА ЗЛАЧЫНСТВА”

Ля будынку № 27 на вуліцы Гандлёвай ля катэдральнага сабору адбыўся пікет на знак пратэсту супраць разбурэньня культурна-гістарычнага помніка пачатку 19-га стагодзьдзя. Так у рэестры пазначаны гэты адзіны будынак, які захаваўся на схіле ад плошчы Свабоды да ракі Сьвіслач. Менгарвыканкам даў дазвол разбурыць будынак, каб на яго месцы пабудаваць праваслаўную духоўную сэмінарыю.

Ля будынку сабраліся некалькі дзесяткаў чалавек, прадстаўнікоў інтэлігенцыі і студэнцтва. Сярод іх былі вядомыя мастакі, музыкі, паэты і дзеячы грамадзтва — Алесь Марачкін, Зьміцер Вайцюшкевіч, Андрэй Хадановіч ды іншыя.

Будынак № 27 на вуліцы Гандлёвай быў пабудаваны ў ХІХ стагодзьдзі. Там спачатку быў жылы дом, фасад якога ўпрыгожвалі балконы з унікальнымі ажурнымі парэнчамі з чыгуну. Потым там месьціўся інтэрнат журфаку. У гады студэнцтва там жыў Алесь Адамовіч.

Цяпер будынак стаіць без балконаў, днямі будаўнікі пачалі разьбіраць дах. Побач з будынкам стаіць бульдозэр з так званай “бабай”, які будзе бурыць сьцены. Людзі зьбіралі подпісы мінакоў, якія былі на плошчы Свабоды ў гэты час. Ніводзін чалавек не адмовіўся паставіць свой подпіс.

Дом № 27 на Гандлёвай вуліцы апошні, які захаваўся на схіле ад верхняга да ніжняга рынкаў Менску дасавецкага часу.

Радыё “Свабода”