ЛІСТАПАДАЎСКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ

13 лістапада ў Менску адбылося чарговае паседжаньне Сойму Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сябры Сойму абмеркавалі палітычную і эканамічную сітуацыю ў краіне.

Старшыня Руху і Партыі Зянон Пазьняк у сваім выстпе раскрыў сутнасьць зрошчваньня прагматычных інтарэсаў эўрапейскай бюракратыі і агрэсіўна-імпэрскага рэжыму Масквы ў дачыненьні да Беларусі:

“Чым бліжэй 2006 год, тым больш адчуваецца, як мітусяцца камбінатары вакол Беларусі. Нядаўна група высокай бюракратыі Эўразьвязу наведала Маскву, дзе паўтарала свае бесталковыя фразы аб патрэбе дапамогі беларусам з боку Расеі ва ўсталяваньні дэмакратыі ў Беларусі. Але ня думайма, што ў гэтым абсурдным упартым паўтарэньні выяўляецца толькі сьведчаньне абмежаванасьці інтэлекту. Тут тыповая палітыка падвойных стандартаў. Эўрапейская бюракратыя гэтым сьведчыць, што Расея мае разьвязаныя рукі. Маўляў, мяшайцеся, расейцы, у беларускія справы і пра газ з нафтай дзеля нас таксама не забывайце, маўляў, Эўропа — лепшы сябра вялікай Расеі.

Камбінатары з захаду і з усходу зноў дамаўляюцца між сабой, каб падзяліць свой уплыў на Беларусь. Такое становіцца магчымым найперш па адной прычыне: з-за нацыянальнай слабасьці і апатычнасьці самых беларусаў. Як толькі заявіць пра сябе наша сіла, тут жа пераменіцца іхняя заплечная палітыка; яны пабягуць перамаўляцца да беларусаў, каб ня страціць уплывы.

Гэтая тэма вартая асобай гаворкі, і настае час правесьці нам агульнафронтаўскую канфэрэнцыю па гэтых пытаньнях, бо відавочна, што камбінатары аб'ядноўваюцца, каб разам, бяз нас, вырашаць лёс нашай краіны. Невыпадкова, што яны спынілі з намі ўсе кантакты, баяцца спатканьняў з прадстаўнікамі Беларускага дэмакратычнага Вызвольнага Руху і кантактуюць толькі са сваімі стаўленьнікамі і сваёй псэўдаапазыцыяй. Яны бавацца ў гэтакую гульню, каб асягнуць найперш свае інтарэсы ў Беларусі. Калі мы ўзьвялічым сваю беларускую сілу, тады яны вымушаныя будуць лічыцца з нашымі інтарэсамі. Толькі ў сіле мы сьцьвердзімся ў сваім доме і адпрэчым навалу”.

З аглядам палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў Беларусі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. Яны ахарактарызавалі і па-за яе межамі і задачы партыйнай дзейнасьці. Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны, якія распавялі пра паглыбленьне крызісу рэжыму і росьце пратэстных настрояў насельніцтва. Вызначаны кірункі інфармацыйнай і агітацыйнай працы. Да сябраў Сойму даведзная інфармацыя пра падрыхтоўку да мерапрыемстваў, прысьвечаных Слуцкаму збройнаму чыну. Мерапрыемствы адбудуцца сёлета 26 лістапада.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

13 лістапада 2005 г.