УГОДКІ ПЕРАВАРОТУ

24 лістапада мінула 9 гадоў пасьля антыканстытуцыйнага перавароту ў Беларусі, які зрабіла Масква рукамі Лукашэнкі. Уся улада апынулася ў руках адной прамаскоўскай асобы. Як звычайна, гэта адбывалася праз імітацыю “ўсенароднага рэфэрэндуму”. З гэтай нагоды перад журналістамі выказваліся розныя людзі.

Цікавае казаньне зрабіў “прафэсійны перабежчык” П. Краўчанка былы міністар замежных справаў Беларусі, які ў Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня ўзначальваў міжнародную камісію. Цяпер ён прызнаецца, што ў падзеях дзевяцігадовай даўніны вельмі нэгатыўную ролю адыграла ня толькі Расея, але і заходнія краіны.

Краўчанка: “Літаральна за некалькі дзён да рэфэрэндуму я вёў размову з Генэральным сакратаром АБСЭ спадаром Арагона, былым міністрам замежных справаў Італіі, і, па сутнасьці, ніякай пазытыўнай, станоўчай рэакцыі мы не адчулі. Мала хто ведае, што спадар Арагона 24, 25 і 26 лістапада знаходзіўся ў Менску і быў сьведкам разгону парлямэнту. Я прапаноўваў спадару Арагона зьвярнуцца да кіраўнікоў эўрапейскіх дзяржаваў, каб быў зроблены адпаведны дыпляматычны дэмарш. На вялікі жаль, гэтага зроблена не было. Такім чынам нас аддалі на “закланьне” і Ўсходу, і Захаду”.

Тамаш Ракса, Паводле радыё “Свабода”