ПЕРАМАГАЕ ТОЙ, ХТО ЗМАГАЕЦЦА

8 сьнежня 2005 г. Бэльгійская газэта “De Standaard” (выдаецца на флямандскай мове) паведамляе пра штогадовую ўрадавую “Справаздачу па рынку працы за 2005 г.” у Фляндрыі. У бліжэйшыя чатыры гады чакаецца, што ў флямандскіх школах будзе на 7 тысячаў настаўнікаў больш, чым вакансіяў. Праблема ўзьнікла пасьля рашэньня падвысіць пэнсійны ўзрост настаўнікаў з 55 да 58 гадоў.

Наш камэнтар: Нам бы вашыя праблемы! Акупацыйны прамаскоўскі рэжым ужо дванаццаты год наносіць сакрушальныя ўдары па беларускаму школьніцтву ў краіне тытульнай беларускай нацыі. І гэта адбываецца пасьля дзьвюхсот гадоў зьнішчальнай русіфікацыі. “У вас нет нікакой перспектівы...” — пераконвае русіфікатарскае міністэрскае “чмо” настаўнікаў, якія працягваюць выкладаць прадметы па-беларуску, у кулуарах кожнай канфэрэнцыі пэдагогаў. Прыслужнікі рэжыму імкнуцца канчаткова зьнішчыць беларушчыну ў навучальных установах Беларусі. У іх кружыцца галава “ад посьпехаў”, ім здаецца, што ўжо можна ўносіць беларускую пэдагогіку ў рэестр “невіданных зверей”. Памыляюцца ворагі! Гэта ў іх няма ніякай пэрспэктывы. Гэта іх наш народ пагоніць туды, адкуль яны атрымліваюць подлыя загады, туды, дзе іхнае сапраўднае акупанцкае начальства — у Расею. А ім ня хочацца ў жудасную імпэрыю, яны будуць паказваць пашпарты ды лемантаваць: мы тоже белоруссы! Пра непазьбежнасьць ачышчэньня сьведчыць сярод іншага й флямандскі досьвед. Пасьля ўтварэньня незалежнай Бэльгіі ў 1830 г. на працягу доўгага часу франкамоўныя эліты абзывалі флямандцаў і іхную мову “вясковымі” і “прымітыўнымі” (якое ўсё знаёмае!), амаль выштурхнулі флямандшчыну (старажытную і жывую мову германскай групы) на маргінэс грамадзкага і палітычнага жыцьця. Флямандцы пачалі супраціўляцца, паўсюль размаўлялі па-свойму, патрабавалі ад чынавенства веданьня сваёй мовы, каралі нахабнікаў. Падчас Першай сусьветнай вайны афіцэры баяліся аддаваць каманды па-французку, флямандскія жаўнеры маглі й застрэліць за такое. Яшчэ ў 1950-я гады сотні тысячаў людзей выходзілі на дэманстрацыі ў абарону флямандскай мовы і флямандскага школьніцтва, біліся з паліцыяй і войскамі, арганізоўвалі страйкі і апэлявалі да міжнароднай салідарнасьці. І дамагліся свайго — народ годна жыве на сваёй зямлі. Нават у Валёніі — франкамоўнай частцы Бэльгіі — абавязкавым зьяўляецца выкладаньне і веданьне флямандскай мовы. Перамагае той, хто змагаецца.

Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ