ВІК КРУЦІЦЦА

У блатным расейскім шлягеры ёсьць выразны рэфрэн: “Не долго музыка играла, не долго фраер танцевал...”. А мы думалі, чаму гэта раптам незабыўны Ганс Вік раптам выступіў нядаўна з гняўлівым заклікам перастаць спадзявацца на дэмакратыю ў Расеі і больш не заклікаць РФ быць дэмакратызатарам Беларусі. “Гэта была памылковая палітыка!” — шумнуў аўстрыйскай газэце “Die Presse” беларусазнаўца Вік. Толькі “забыўся” германскі шпіён (а па сумяшчальніцтву дзеяч АБСЭ) згадаць, што гэта была таксама й ягоная, — Ганса Віка — палітыка, за якую Беларускі Народны Рух на ўвесь сьвет абвесьціў Віка пэрсонай нон грата. Чаму раптам стаў “калоцца” мацёры ліс выведкі? Такое зь ім здаралася й раней. Успомнім, як ён прызнаўся, што ўзгадняў (і завяраў подпісам старшыні КГБ) усе пляны АБСЭ па “дэмакратызацыі” Беларусі, што “галоўнай задачай ягонай дзейнасьці як прадстаўніка АБСЭ было ўключэньне Беларусі ў дэмакратычную Расею”.

І тады і цяпер Вік (і тыя, хто стаіць за ім) пранюхваў пра набліжэньне крызісу і правалу гэтай палітыкі і рабіў папяраджальны крок — прызнаваўся сам, каб на супрацоўніцтве з КГБ яго не злавілі іншыя. Так і цяпер ён адчуў правал шродэрскай халуйскай прамаскоўскай палітыкі, правал самаго архіхалуя Шродэра і пасьпяшаўся адхрысьціцца ад свайго шэфа і ягонай палітыкі (так рабілі ў свой час і Гімлер, і Канарыс і шэраг іншых партайгэноссэ). Дык вось, з 11 сьнежня ў нямецкім палітычным сьвеце загучалі цікавыя маналёгі. Генсек партыі Свабодных дэмакратаў Дзірк Нібэль заявіў наконт прызначэньня Шродэра на пост старшыні савета акцыянэраў будаўніцтва расейска-нямецкага газаправоду: “Гэта моцна тхне карупцыяй. Кожны павінен спытаць, ці ня церпяць нямецкія інтарэсы дзеля прыватнай выгады?”. Яго падтрымаў лідар Партыі “зялёных” Рыхард Бюцікофэр. Дэпутаты Бундэстага пачалі разьбірацца, з чаго гэта Шродэр зрабіў такую галавакружную расейскую кар'еру? А брытанская газэта “Daily Telegraph” надрукавала сэнсацыйныя матар'ялы. Аказваецца дырэктар Паўночна-эўрапейскага газаправоду (таго самага, што пачалі будаваць у Валагодзкай вобласьці) немец Маціяс Варнінг зьяўляецца былым агентам Штазі і “працаваў у шчыльным супрацоўніцтве з будучым расейскім прэзыдэнтам Пуціным па лініі КГБ у Бэрліне”. Такія вось “друзья юності”, такая вось гэбоўска-гестапаўская кодла будзе пускаць газы ў Эўропу. Дэпутаты Бундэстага падлічылі, што Шродэр на цёплым дырэктарскім газаправодным месцы будзе атрымліваць штогадовы заробак-дывідэнд у памеры 1,5 мільёнаў эўра. “І гэта за тое, — шумяць дэпутаты, — што ён цалкам атруціў нашы адносіны з Польшчай!”. Цікавы вэрхал пачынаецца на берагах Рэйна і Шпрэе.

Янка Базыль, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ