БЯСПРЫНЦЫПНЫЯ ПАВОДЗІНЫ

14 сьнежня 2005 г. Аўстрыйская газэта “Die Presse” публікуе інтэрвію з Куртам Вальдхаймам, колішнім генэральным сакратаром ААН і колішнім прэзыдэнтам Аўстрыі. Зразумела, што Вальдхайм дае станоўчую ацэнку дзейнасьці ААН пад сваім кіраўніцтвам. Палітык прыгадвае, як ва ўмовах “халоднай вайны” неабходна было лявіраваць паміж ЗША і СССР (цяпер, маўляў, калі гэтай “вайны” няма, то рабіць гэта значна лягчэй). Ён выказвае таксама камплімэнт усім аўстрыйцам, якія ў структурах ААН і ў складзе вайсковых частак ААН найбольш надаваліся на вядзеньне перамоваў і ўлагоджваньне канфліктаў, бо ўсе бакі адчувалі іхную сапраўдную нэўтральнасьць і зацікаўленасьць у вырашэньні праблемы. У канцы інтэрвію Вальдхайм прызнаецца, што ААН ня мае ўжо былога аўтарытэту ў сьвеце. Але такой іншай арганізацыі больш няма, яна не паддаецца рэфармаваньню і, на думку экс-генсека, будзе існаваць далей.

Наш камэнтар: Сапраўды, Вальдхайм быў, мабыць, звычайным генсекам (цяперашні Кофі Анан значна горшы). Але няхай бы ён успомніў таксама, як пры ім у ААН у 1970-80-х гг. умацоўвалася жалеза-бэтонная гэбоўская структура, як дзесяткі лубянскіх агентаў (а вакол іх тысячы іншых) атрымлівалі ключавыя месьцейкі на адказьнейшых напрамках дзейнасьці гэтай міжнароднай арганізацыі. Некаторых з гэтых гэбоўцаў амэрыканцы схапілі за рукі і пачалі выкурваць лубянскую кантору толькі ў апошні час (праз дзесяцігоддзі!). За тлустыя аанаўскія ганарары маскоўская агентура тварыла сваю гнюсную справу на міжнароднай арэне, крала грошы, арганізоўвала правакацыі, стварала антызаходнія кааліцыі з сацыялістычных і недаразьвітых краінаў, якія галасавалі ў ААН па камандзе з Масквы. І ўсё гэта легальна або амаль легальна. Аказалася, што заходняя дэмакратыя проста бясьсільная супраць маскоўскага лома. Ня дзіва, што цяпер ААН дажылася да глыбокага маральнага крызісу, згубіла давер народаў. Далавіраваліся аўстрыйцы і іншыя з нахабнымі і цынічнымі лубянцамі да маразму. Хаця, якая розьніца: японец начале аанаўскай ЮНЕСКО, здаецца, прадстаўнік культурнай краіны. А на ўсе звароты беларускіх патрыётаў пра здушэньне беларускай мовы і культуры прарасейскім рэжымам і маскоўскімі акупантамі, пра спробы рэжыму зьнішчыць Курапаты жэнэўскі самурай нават не адказаў (бо “лавіраваць” трэба). А прыехаўшы з візытам у Менск гады тры таму, паслухмяна прабегся па маршруце, вызначаным антыбеларускімі ўладамі, у Курапаты ня сунуў носа. Сапраўды, такое “рэфармаваньню не паддаецца”. Трэба беларусам зразумець, што свае каштоўнасьці мусім абараняць самы, не спадзяючыся на чужое чынавенства.

Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ