КАЛЯДЫ, КАЛЯДЫ...

17 сьнежня 2005 г. Нямецкая газэта “Sueddeutsche Zeitung” піша пра калядныя клопаты ў Мюнхэне. Мясцовы Народны тэатр пачынае сэрыю сьвяточных спэктакляў на матывы твораў Дзікэнса. У спэктаклях занятыя сотні дзяцей, якія выступаюць на сцэне і сьпяваюць калядныя песьні ў хоры. Прадстаўленьні, зразумела, прысьвечаны тэме нараджэньня Хрыста.

Наш камэнтар: Па ўсёй Эўропе ад Белавежскай пушчы да Брытанскіх выспаў людзі сьвяткуюць Каляды. Сьвяткуюць весела, арганізоўваюць казачныя фэерыі перш за ўсё для сваіх дзяцей. У храмах, школах, клюбах і проста на вуліцах і плошчах сьпяваюць хоры (у Нямеччыне славяць Хрыста па-нямецку, у Каталёніі па-каталёнску, у Польшчы па-польску...). Ужо з канца лістапада гарады, вёскі і мястэчкі зіхацяць яркімі дэкарацыямі на сьвяточную тэму. Людзі віншуюць адзін аднаго, дораць падарункі, наведваюць хворых і самотных. Беларус зажмурвае вочы, асьлеплены гэтай яркай весялосьцю, гэтымі праявамі нявымушанай сьвяточнасьці. Наадварот, эўрапейскага наведвальніка перадкаляднай Беларусі ўражвае панаваньне шэрых тонаў. Дзе-незде, што праўда, можна ўбачыць ялінку з цацкамі і вывешаны дэвіз “С новым годом”. У асноўным сьвяточныя дэкарацыі выкананы для адчапнога. Антыбеларуская ўлада разумее небясьпеку салідарнага і яркага сьвята і імкнецца патапіць усё ў тандэтнай шэрасьці, якая адчуваецца перш за ўсё ў малых гарадах і мястэчках, а ўжо ў вёсках на сьвяты зусім змрочна. Нават пры саветах паасобныя дзеды марозы забаўлялі дзяцей па-беларуску (памятаю, як гэта зьдзівіла нас — гомельскіх дзяцей —, што прыехалі на сьвяты ў Менск у 1969 г.). Цяпер паўсюль ватныя барадачы з размаляванымі сьнягуркамі галёкаюць на “веліком і могучем”, на ранішніках у школах і садках дзеткі бадзёра цытуюць Пушкіна і Агнію Барто, танцуюць у яраслаўскіх сарафанах і славяць Расею. Рэжым хоча даказаць нам, што беларушчына — гэта леташні сьнег, што “переход на русскій язык уже завершілся”. Хрыста і Каляды ўспамінаць у прысутнасьці грамадзянаў і тым больш дзяцей “не модно”, на афіцыйных ялінках часьцей за ўсё гарыць чырвоная крамлёўская зорка. Пакуль што апошні калядны бастыён трымае ў Беларусі Каталіцкі Касьцёл, дзе гучыць беларуская мова і беларуская песьня. Вось людзі і пераканаюцца яшчэ раз, хто сапраўды служыць Богу і народу.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ