“ЭЎРАДЭМАГОГІЯ”

21 сьнежня 2005 г. Французкая газэта “Le Monde” паведамляе пра візыт у Парыж прэзыдэнта Сэрбіі Тадзіча, які сустрэўся са сваім калегам Шыракам. Прэс-сакратар Шырака расказаў потым пра маналёгі французкага прэзыдэнта перад сэрбскім. Шырак “заклікаў усе бакі ў Косаве весьці перамовы ў духу дыялёгу і з павагай галоўных прынцыпаў, сьцьверджаных Радай Бясьпекі ААН”. Далей ён “падкрэсьліў неабходнасьць арганізаваць суіснаваньне культураў і народаў з павагай законных інтарэсаў кожнага”. А таксама “вызначыў важнасьць удзелу Эўразьвязу і міжнароднай супольнасьці ў гэтым працэсе”.

Наш камэнтар: Адным словам, ён нагаварыў шмат, пакуль Тадзіч сядзеў і слухаў. І сапраўды, гучала ўсё “чынна і благародна”. У стылі савецка-украінскага паэта Сосюры: “Трактор в полі дыр-дыр-дыр — мы за мыр!..”. Калі згнілы югаслаўскі “савецкі саюз” пачаў рассыпацца ў 1991 г., французы з немцамі першыя залямантавалі пра неабходнасьць захаваньня “адзінай Югаславіі”. Але народы, не зважаючы на эўразьвяганьне і падтрымку сэрбскаму агрэсару з Масквы і Захаду, працягвалі сваё вызваленьне, змагаліся за сваю незалежнасьць. Убачыўшы правал сваёй мадэлі, французы-немцы вымушаны былі з часам карэктаваць пазыцыю, паслалі нават войскі ў зону канфлікту. Але забаранілі эўравойскам страляць, забаранілі ім нават абараняць сабе самых ад сэрбскіх бандытаў, якія беспакарана забілі і паранілі сотні французкіх, італьянскіх, ангельскіх, дацкіх жаўнераў і валанцёраў, што прыбывалі туды з гуманітарнай і міратворчай місіяй. Захад крывадушна выкручваўся ад адказнасьці, крытыкаваў Мілошавіча за “дэфіцыт дэмакратыі”, калі сэрбы наладжвалі ў Косаве, Харватыі і Босьніі-Герцэгавіне сапраўдны генацыд. У Брусэлі ўсё чакалі, пакуль сэрбы самы “вырашаць” гэтую праблему. Народы бараніліся ад агрэсіі самы, людзі выстаялі, нягледзячы на адсутнасьць эўрапейскай падтрымкі (а не дзякуючы ёй, як хацелі б прадставіць гэта эўрабалбатуны). І вось цяпер гэтыя парыжска-брусэльскія шэфы чытаюць лекцыі балканскаму госьцю на тэму “дружбы і згоды”. Нібыта подлую здраду народаў зусім нядаўна ўчынілі не яны, а нехта іншы і вельмі даўно. Чуючы іхнае лепятаньне пра “дэфіцыт дэмакратыі ў Беларусі” і пра “заклікі да Расеі паўплываць на рэжым Лукашэнкі”, мы не павінны зьдзіўляцца. Проста трэба зразумець, што толькі наш народ можа і павінен наладжваць сваё жыцьцё і забясьпечваць сваю будучыню.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ