МІЛІЦЫЯ ЗАТРЫМАЛА СЯРГЕЯ ПАПКОВА, КІРАЎНІКА ШТАБУ ЗЯНОНА ПАЗЬНЯКА

Адразу пасьля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Зянона Пазьняка, яе кіраўнік Сяргей Папкоў апынуўся ў міліцэйскім пастарунку.

Як стала вядома Радыё Свабода, пад час абмены валюты ў абменным пункце спадар Папкоў быў абвінавачаны ў тым, што ў яго нібыта “фальшывая купюра”.

Гэты інцыдэнт пракамэнтаваў Зянон Пазьняк:

Пазьняк: “Гэта — заканамернасьць. Гэта шантаж кіраўніка штабу маёй ініцыятыўнай групы. Гэтым яны хочуць перашкодзіць збору подпісаў. Гэта цярпець ня можна, я лічу, трэба зьвяртацца ў пракуратуру і выводзіць на “чыстую ваду”. Бо інакш гэта будзе прадаўжацца. Гэта ёсьць подлы шантаж, і я думаю, што ёсьць нават сувязь зь міліцыяй у гэтым разе. Яны яму сказалі — “Так што будзем рабіць, дамаўляцца ці выклікаць міліцыю?” — ён сказаў выклікаць міліцыю. Але сутнасьць у тым, што купюру маглі падмяніць”.

Паводле радыё Свабода