У КІРАЎНІКА ПЕРАДВЫБАРЧАГА ШТАБУ ЗЯНОНА ПАЗЬНЯКА — СЯРГЕЯ ПАПКОВА — Ў ХАЦЕ ЎЧЫНІЛІ ВОБШУК

Міліцыя Савецкага райаддзелу Менску спраўджвала, ці няма ў доме палітыка “фальшывых грошай”. 27 сьнежня ў цэнтры Менску ў адным з абменных пунктаў Сяргею Папкову паведамілі, што адна з дадзеных на абмен купюраў нібыта фальшывая. Інцыдэнт адбыўся адразу пасьля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Зянона Пазьняка. Некалькі гадзінаў Сяргея Папкова дапытвалі ў міліцыі Савецкага раёну.

Дзяжурны райаддзелу так патлумачыў сытуацыю:

Міліцыянт: “Яго даставілі не як збытчыка. Ёсьць такі панятак добрасумленны збытчык. Яго ніхто ня будзе афіцыйна затрымліваць. Папросту для вядзеньня сьледчых дзеяньняў робяць фармальны допыт”.

Вобшук, які прадугледжаны законам для сытуацыяў, калі чалавек несьвядома робіцца ўладальнікам фальшывых грошай, у доме Сяргея Папкова адбываўся наступным чынам — сьведчыць намесьнік старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Юрась Беленькі, які прысутнічаў пры вобшуку:

Беленькі: “Глядзелася ўсё: партыйныя дакумэнты, што знаходзіліся там, гарталіся... Глядзеўся кампутар, раскрываліся файлы, якія ёсьць у кампутары. Калі мы папрасілі, каб ведаць стопрацэнтна на падставе якіх нарматыўных актаў робіцца гэтае дзеяньне, і папрасілі зрабіць ксэракопію гэтага дакумэнту, нам было адмоўлена”.

Сам Сяргей Папкоў наступным чынам камэнтуе сытуацыю:

Папкоў: “Мяркую, што адбылася нейкая правакацыя. Відаць, падмена нейкая. Я здаў купюру, а мне сказалі, што яна фальшывая. Сьледзтва будуць весьці, крымінальную справу адкрылі. Нядобрая сытуацыя”.

Паводле Радыё Свабода