НАВАГОДНІ ТЭЛЕВІЗАР

У навагоднюю ноч Расея піла і гуляла, нібыта ўжо абдурыла ўвесь сьвет. Тэлеілюзія ўсеагульнай весялосьці атрымалася даволі стракатая. На расейскіх тэлеканалах віравала каляровая кампанія з папсы і клоўнаў. "Сацыяльны аптымізм" афарбоўваў сабой гэты прыдуманы групавы партрэт расейскага грамадзтва. А вось на БТ, як і штогод, працавала брыгада бездараў і тэлеідыётаў. Хаця ўсё больш беларусаў прыходзіць да высновы, што ўсё гэта робіцца адмыслова. Каб тэлегледачы хутчэй пераключаліся на расейскія тэлеканалы. БТ давала навагоднюю праграму зь нейкай чорнай ямы, зь нейкага цёмнага правалу, з жудаснай пячоры. Усё было выключна па-расейску. Па сцэне і іншых месцах вадзілі няшчаснае (навучанае фальшывіць і хлусіць) мазырскае дзяўчо, якое з "русской песней" атрымала мэдаль на дзіцячым эўрабачаньні. Нудныя і тупыя мізансцэны, безгалосыя мясцовыя выканаўцы расейскай папсы, змрочныя дэкарацыі — ад усяго гэтага пачынала балець галава. І, зразумела, што людзі пераключаліся на "століцу нашей родіны", куранты і шабалаўку. Трыюмф шклоўскага дэбілізму.

Янка Базыль, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ