НЯШЧАСЬЦЕ І ДУРНОТА

3 студзеня 2006 г. Нідэрляндская газэта "De Telegraaf" паведамляе пра чарговы захоп эўрапейскіх закладнікаў у Емэне. Племя Аль Саідзі захапіла некалькіх італьянскіх турыстаў і утрымлівае іх у сваім паселішчы, патрабуючы ад уладаў вызваленьня сваіх суродзічаў са сталічнай турмы. Сярод палонных вядомая рымская топ-мадэль (што надае сэнсацыйны прысмак паведамленьню).

Наш камэнтар: Такія паведамленьні з Емэну паступаюць рэгулярна. Перад самым Новым годам емэнскія каўбоі ўзялі ў палон нават важную нямецкую шышку: былога амбасадара ФРГ у ЗША разам з ягонай сямьёй. Бэрлін выручаў калегу вялікімі грашовымі выплатамі мясцоваму шэйху. Емэн — краіна, якую нават суседнія арабскія народы называюць дзікай і сярэднявечнай. Але на гэты аргумант у душы заходнікаў замест асьцярожнасьці адбываецца іншая рэакцыя: душа рвецца на прыгоды, імпэтна шукае "сапраўднай экзотыкі". У тым жа Емэне некалькі такіх падарожжаў скончыліся рэгулярнымі баямі паміж урадавымі войскамі і дзікімі плямёнамі за вызваленьне палонных заходнікаў, шэраг зь якіх загінулі. "А нам всё равно!.." Прычым, зразумела, што такія паводзіны заходнікаў выкліканы ня сьмеласьцю або сапраўднай жарсьцю арыенталістыкі. Яны й самы прызнаюцца: "Мы ня ведаем ужо, чым гэта пазабаўляць сабе, шукаем вострых уражаньняў". Грошай дзяваць няма куды, вось і пнуцца ў далёкія краіны, не прачытаўшы хаця б адной кніжкі пра іхную гісторыю, культуру, народ, звычаі, цяперашнюю сітуацыю (па сёньняшні дзень у Емэне выкрадаюць турыстаў-мужчынаў, кастрыруюць і робяць еўнухамі у гарэмах). Перад бяздумнымі вачыма толькі яркі плякат турыстычнай кампаніі і хамская ўпэўненасьць у сабе — самым перадавым і магутным у сьвеце. Хутчэй у Інданэзію, на Маўрыкій, у пампасы. І ў той жа час эўрапеец нічога (абсалютна нічога!) ня ведае пра сваіх суседзяў па кантынэнце. "Беларусы — а хто гэта такія? Белагвардзейцы?". Дэбілізм культурных інтарэсаў бальшыні заходнікаў плюс іхныя шалёныя грошы — вось дзе кактэйль глупоты і пыхі! Інтэлігентныя людзі сярод іх — такая ж рэдкасьць, як у свой час Марка Пола і Калумб. У гэтым сэнсе беларуская моладзь значна апярэжвае сваіх заходніх равесьнікаў.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ