АДКАЗ КАЗАКОЎ МАСКОЎСКАМУ СУЛТАНУ

Ілья Рэпін, стаўшы нават клясікам расейскага рэалізму, ніколі не забываўся, што ён родам з украінскага Чугуева. Нават будучы ў Парыжы, ён апрануў сваю дачку ў народны украінскі строй і намаляваў настальгічную карціну "Украінка" (цяпер у Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі ў Менску). Яму была заўсёды дарагая гісторыя запарожскага казацтва, пецярбургская слава не засьціла яму нацыянальную памяць. "Запарожцы пішуць ліст турэцкаму султану" (эскіз таксама ёсьць у нашым музэі) — адно з ярчэйшых палотнаў у эўрапейскім гістарычным жывапісе. Сьмелыя і нязломныя рыцары стэпаў намаляваныя з сяброў мастака. Але талент ператварыў калектыўны партрэт сучасьнікаў у вобраз даўняй эпохі, калі ўкраінская зямля не спазнала яшчэ маскоўскай акупацыі, калі казакі баранілі ад ворагаў Украіну-Русь. Турэцкая цемра насунулася на краіну, але казакі не лічыліся з колькаснай перавагай бусурманаў. Султан прыслаў ім гончыка з прапановай здацца і перайсьці да яго на службу. Тады казакі паклікалі пісарчука і пад рогат усяго войска калектыўна прадыктавалі адказ нахабнаму захопніку. Рэпінская карціна — жывапісны помнік гэтаму сьмеху вольных людзей, якіх не напалохаў ультыматум магутнага ворага. Тэкст гэтага ліста можна ўбачыць ва ўкраінскіх музэях. Некаторыя фрагмэнты прыкрыты цэнзурай. Казакі выказваліся ад усёй народнай душы. А потым ўшчэнт разьбілі турэцкую цемру.

Пачынаючы подлую газавую вайну супраць Украіны, маскоўскі султанат быў упэўнены ў хуткай перамозе. Султан выстаўляў ультыматумы ў стылі "мочіть в сортіре" і і паводзіў сабе, як рэкецір-дзяржаўнік. Газавая атака пачалася, ідзе ўжо трэці дзень, а султан недзе схаваўся, не паказваецца. Замест сабе выштурхоўвае на тэлеэкран башыбузукаў з "Газпрому" ды дробных янычараў з дзярждумы, якія зьвягаюць-пагражаюць казакам і ўсё больш нагадваюць "сабачыных дзяцей" з гістарычнага казацкага ліста. На цяўканьне з крамлёўскай падваротні ўкраінцы адказалі казацкай філіпікай. 2 студзеня на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве прамаўляў сп. Бутэйка, нам. міністра замежных справаў Украіны. Ён выкарыстоўваў не паходна-палявую, а дыпляматычную лексіку. Але ад гэтага сэнс ягонай прамовы не згубіў пераканаўчай яснасьці: "Расея — гэта імпэрыя. Была, напрыклад, Рымская імпэрыя, яна развалілася. Усе імпэрыі развальваюцца. І расейская імпэрыя разваліцца. Але пакуль гэтага не адбылося, нам трэба шукаць з Расеяй шляхі выйсьця з крызісу..." Дыплямат сказаў праўду (пра гэта ведаюць ужо ўсе), да вайны і помсты не заклікаў. Дык чаго ж так завылі-загалёкалі ў Крамлі і на Лубянцы? Не спадабалася? Не спадабалася праўда, сказаная публічна і на ўвесь сьвет. Цяпер над правальнымі газавымі імпэрыялістамі сьмяюцца ня толькі казакі, сьмяецца беларус і паляк, эстонец і француз, і "друг степей калмык". А калі спатрэбіцца, то ўкраінцы і іхныя суседзі разам дадуць адлуп султанскім агрэсарам.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ