ЦІКАВАЯ ІНФАРМАЦЫЯ

4 студзеня Радыё Свабода зрабіла рэпартаж з выбарчых палёў, дзе ініцыятыўныя групы зьбіраюць подпісы за сваіх прэтэндэнтаў на прэзыдэнцтва. Герояў знайшлося шмат. Слухаючы рэпартаж, мы пазналі некаторых зь іх. Напрыклад, кіраўнічку сталічнага штабу ініцгрупы Мілінкевіча — пані Палевікову. Яе мы добра памятаем. Пры актыўнай падтрымцы незабыўнага Ганса Віка на пачатку тысячагоддзя пані Палевікова "утварыла" нават сваю жаночую партыю. Справа ў тым, што бэрлінскаму камбінатару Віку (які актыўна супрацоўнічаў з КГБ РБ) патрэбна была як мага большая колькасьць псэўдаапазыцыйных пустышак дзеля таго, каб яны ("аб'яднаная апазыцыя") сваёй "вялікай колькасьцю" засьцілі б сабой змагарны Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне". Мабыць, Вік не да канца дамовіўся з рэжымам, бо калі пракуратура зрабіла некалькі кантрольных тэлефанаваньняў "членам ЦК жаночай партыі", тыя напалохаліся і зашумелі: "Мы ня ведаем ніякай партыі, мы не запісваліся туды!" І вось цяпер правальшчыца-фэміністка камандуе подпісамі ў Мілінкевіча. Гэта яшчэ кадры незабыўнага Ганчарыка. А што як раптам зноў патэлефануе пракуратура і ўсе пачнуць адмаўляцца?

За Казуліна, аказваецца, зьбірае подпісы на праспэкце "праваслаўны сьвятар Казлоўскі" (як паведаміла Свабода). Толькі яна не паведаміла, да якой гэта царквы належыць "сьвятар". Патрыёты добра памятаюць гэтага "ряженого". Яшчэ ў 1996 г. яго вытурвалі з паседжаньня Управы БНФ "Адраджэньне", бо зразумелі адразу — засланы казачок. Трэба нагадаць свабодаўскім спэцыялістам па асьвятленьні падзяў перадвыбарчай кампаніі, што сапраўдны сьвятар паводле свайго статусу ня можа недзе стаяць і зьбіраць подпісы (сьвятар можа маліцца, духоўна падтрымліваць, заклікаць людзей да сумленнага выбару). Але на самай справе ўсё лягічна — пустышкі і агентура працуюць (або проста засьвечваюцца) на пустых і агентурных кандыдатаў.

Янка Базыль, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ