А. ВАЙТОВІЧ ПАДТРЫМАЎ ІДЭЮ “НАРОДНАГА ГАЛАСАВАНЬНЯ”

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка Сяргей Папкоў распачаў кансультацыі зь іншымі апазыцыйнымі сіламі наконт падтрымкі ініцыяванага Зянонам Пазьняком народнага галасаваньня.

Папкоў: "Зараз мы сустракаемся зь іншымі актывістамі, прапануем іншым камандам далучыцца, таму што гэта ж ня выбары, гэта відавочна. Ёсьць яшчэ два месяца і 10 дзён, і гэта дастаткова, каб узьняць людзей, каб разгарнуць гэтую справу".

У прыватнасьці сёньня Сяргей Папкоў з прапановай далучыцца да народнага галасаваньня зьвярнуўся да Аляксандра Вайтовіча, які ўчора заявіў пра свой выхад з выбарчай гонкі на знак пратэсту супраць удзелу ў ёй Аляксандра Лукашэнкі.

Спадар Вайтовіч вывучыў прапанаваныя матэрыялы і прыйшоў да высновы:

Вайтовіч: "Я думаю, што гэта прапанова слушная, што можна спрабаваць яе рэалізаваць".

Аляксандар Вайтовіч паведаміў, што рашэньне, ці далучыцца ён асабіста да кампаніі народнага галасаваньня, будзе прынятае пасьля кансультацый з ягонай камандай.

Зянон Пазьняк падкрэсьлівае, што калі народная грамадзкая камісія зьбярэ больш за 50% такіх бюлетэняў, гэта будзе сьведчыць пра народны імпічмэнт Лукашэнку і дапаможа адхіліць яго ад улады. Намесьнік Зянона Пазьняка Юрась Беленькі лічыць, што такая акцыя цалкам магчымая:

Беленькі: "Я сёньня на гэтую тэму ўжо размаўляў з рознымі людзьмі. І сам гэты факт ужо гаворыць пра тое, што ідэя цікавіць і людзей маладых, і тых, хто мае жыцьцёвы досьвед. І бачу, што толькі адно прымушае іх, так бы мовіць, не да канца верыць у ідэю — я зраблю, а можа, другі-трэці ня зробяць. Я ім кажу: другі, трэці, чацьверты — гэта мы ўсе і ёсьць разам. Мы і ёсьць беларускі народ. Ты скажы пра гэта другому, трэцяму, дзясятаму... А калі не атрымаецца 50%? Ты рабі, я кажу, ты не апускай рукі, да канца ідзі. Ідзі адкрыта. Ты ж стаіш на баку закону. Тыя людзі, якія робяць фальсыфікацыю, яны парушаюць закон. На тваім баку і права, дадзенае табе Богам — быць гаспадаром на сваёй зямлі, і закон, зафіксаваны ў Канстытуцыі ды іншых заканадаўчых актах. Ідзі, рабі адкрыта, што ж ты сьціскаеш плечы!"

Вядомы праваабаронца Гары Паганяйла таксама лічыць, што ідэя можа мець плён:

Паганяйла: "Гэта вельмі складаная праца. Але яна вельмі эфэктыўная. Вельмі! Чалавек, які зробіць так, як прапануецца цяпер, будзе адзначаны як чалавек, які галасаваў, а сам бюлетэнь будзе прызнаны несапраўдным. І калі такіх набярэцца шмат, элегантнай перамогі не адбудзецца ні ў якім выпадку".

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік тлумачыць, што, згодна зь дзейным заканадаўствам, кожны грамадзянін мае права рабіць з бюлетэнем што заўгодна:

Лазавік: "Выбары ў нас свабодныя, і кожны грамадзянін мае права галасаваць ці не галасаваць, кідаць у скрыню бюлетэнь ці ня кідаць".

Паводле Радыё Свабода