КРЫКЛІВЫЯ ДАНАЙЦЫ З МАСКВЫ

У Менску 16 студзеня ў чарговы раз тусаваўся "демократіческій десант із Москвы". Тузін маскоўскіх маладзёнаў актыўна ўдавалі "выкананьне інтэрнацыянальнага абавязку" і "змаганьне супраць Лукашэнкі". Беларусы даўно ўжо ацанілі гэту "братэрскую дапамогу" з Расеі. Падстаўныя расейцы невялікімі групамі зьяўляюцца час ад часу ў нашай сталіцы менавіта ў драматычныя моманты змаганьня за Беларусь. Яны паводзяць сабе крыкліва і карцінна, нарываюцца на канфлікт зь міліцыяй, часам у адкрытую патрабуюць, каб іх "подверглі репресіям". Расейскія і мясцовыя СМІ (з ліку "незалежных") ушчынаюць вэрхал пра "рускіх герояў", а потым тэма "рускага змаганьня супраць дыктатуры ў Менску" каралюе ў першых радках СМІ ўсіх краінаў.

Атрымліваецца, што "дэмакратычная Расея ратуе беларусаў ад дыктатуры". 16 студзеня сёлета маскоўскія госьцікі размалёўвалі муры нашых будынкаў расейскімі лёзунгамі, крычалі "про демократію". Але гнюсны спэктакль усе гэтыя гады разыгрываўся настолькі аднастайна, што на гэты раз міжнародныя СМІ ўрэшце не заўважылі чарговы акт паказнога "геройства" маскоўскіх гастралёраў. Беларусам ня трэба "інтэрнацыяналізму" з Масквы, мы сытыя траянскімі канямі і конікамі варожай і падстаўной публікі. Як бы яны не назваліся — "Антыфашы" альбо, як цяпер, — "Мы", беларусы разумеюць, што гэта падарунак лубянскіх данайцаў. Гэтак лубянцы "працуюць" у нас, каб потым (калі пасыпецца рэжым) без падазрэньня заслаць у Беларусь сваіх амонаў і гэб'ё пад выглядам "дэмакратаў". Гнаць трэба такіх у карак.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ