САВЕЦКІ СЬЦЯГ — САВЕЦКАЯ ШЫНЭЛКА

20 студзеня 2006 г. Польская газэта "Rzeczpospolita" прыгадвае гістарычны юбілей. 500 гадоў таму, 22 студзеня 1506 г., у папскі Рым увайшоў аддзел швэйцарскай гвардыі, які прыступіў да аховы панціфіка, тады Папы Джуліа ІІ. З тае пары рымскія папы набіраюць сваіх гвардзейцаў з каталіцкіх кантонаў Швэйцарыі (краіна славілася на ўсю Эўропу сваімі пехацінцамі). Папская гвардыя (з 1914 г. — 100 гвардзейцаў, у тым ліку 6 афіцэраў) — адзінае вайсковае злучэньне ў сьвеце, якое не зьмяніла сваёй спрадвечнай уніформы (эскізы да стракатых мундзіраў, паводле паданьня, намаляваў ці то Рафаэль, ці то Мікеланджэла). Нязьменным засталося й узбраеньне гвардзейцаў — алебарды і шпагі. Але папскія швэйцарцы ніколі не былі "алавяннымі жаўнерыкамі". У 1529 г. усе яны загінулі, баронячы Ватыкан і панціфіка ад нямецкіх захопнікаў. Гэта быў найславуцейшы, але не апошні іхны подзьвіг.

Наш камэнтар: Са швейцарскімі гвардзейцамі можна паразмаўляць нават, калі яны на пастарунку. Маладыя хлопцы ў касках гішпанскай мадэлі 16 стагоддзя з алебардамі ў руках ветліва адказваюць на пытаньні. Ім падабаецца, калі беларус зьвяртаецца да іх на іхнай роднай нямецкай мове. А ў памяці ўсплывае вобраз нашага жаўнера. Пятнаццаты год незалежнасьці беларусы цягаюць на сабе старамоднае рызьзё савецкай арміі: шынэлкі, бушлаты, картузы-патэльні, дурную кірзу. Савецкага абрыдлага тыпу ўсё астатняе: шэўроны, значакі, чырвоныя зорачкі ("а во лбу звезда горіт..."), лампасы, хэбэ, пэша, куртатая "парадка" etc. Усё плюгава-непрыгожае, але галоўнае — страшна непрактычнае, грувасткае, няёмкае. А былі ж распрацаваны нашымі мастакамі яшчэ ў 1992 г. праекты новых мадэляў беларускай вайсковай уніформы. Першымі скінулі з сябе маскоўскія лахманы прыбалты. Вызваленыя народы апранулі сваіх абаронцаў у практычную і прыгожую, эўрапейскага тыпу вайсковую уніформу. А вось астатнім не хапіла фантазіі. Украінцы, казахі і іншыя постсавецкія азіяты пакінулі ў сваіх арміях імпэрскія тыпажы: усе гэтыя жлобскія лампасы, лычкі і г.д. У Беларусі парэшткі савецкіх уніформаў зьяўляюцца яшчэ адной знакавай сістэмай, на якой трымаецца шызоідная настальгія па саўдэпіі. Гэта зроблена з адзінай мэтай: разам з расейскай мовай, расейскай прапагандай, расейскімі генэраламі, палкоўнікамі і камісарамі шынэлка і картуз-патэльня павінны забясьпечваць існаваньне ілюзіі, што нічога не зьмянілася, мы дагэтуль "верны Россіі, товарішчі..." Войска ў такой уніформе ня бачыць праціўніка ў лавах расейскіх агрэсараў (апранутых у тое ж самае), якія гатовыя запоўніць сабой нашу зямлю. Як казаў адзін афіцэр у 1996 г.: "А что, погоны перешьём і всё..."). Тады ў іх нічога ня выйшла. Народ абараніў сваю незалежную дзяржаву, змагаючыся з паліцыяй і ГБ на вуліцах Менска. Ня выйдзе й цяпер, калі ўсходнія вандалы паспрабуюць уварвацца ў Беларусь.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ