ЗАЎВАГІ АБ ПРЭТЭНДЭНТАХ

Аб прэтэндэнтах на прэзыдэнцтва я пісаў ужо ў папярэдніх лістах на тэму выбараў і Народнага галасаваньня. Зьвяртаю, аднак зноў увагу чытачоў на прэтэндэнта № 2 (пасьля Лукашэнкі), на "кадр" яшчэ з савецкай "картатэкі" — на А. Казуліна.

Лубянка вельмі сур'ёзна распрацоўвала гэтага прэтэндэнта. Пачалі заранёў, за год да выбараў. Пракруцілі фантастычныя агентурныя маніпуляцыі з сацыял-дэмакратамі, зрабіўшы зь яго партыйца і "лідэра" сацдэкаў (гэта не сюжэт, а казка), кінулі на яго велізарныя сродкі (подкупы інфармацыі, электаральнай базы дадзеных, газэтаў, электаральных подпісаў і г.д.).

У тэме з Казуліным праглядваецца тыповы прыём расейскага КГБ, які быў ужыты ў 1994 годзе з Лукашэнкам — Кебічам. (Ставілі нібыта на Кебіча, прывялі Лукашэнку.) З пункту гледжаньня Масквы, і асабліва Лубянкі, Казулін для іх (і для Захаду таксама) цалкам "акцэптабельная" фігура марыянэткавага тыпу. З пачаткам агітацыйнага пэрыяду ўсё стане лепш відаць і можна будзе меркаваць больш дакладна. Цяпер жа дакладна можна сказаць адно: з усіх дрэнных варыянтаў, якія існуюць на гэтых выбарах, варыянт з Казуліным найгоршы для Беларусі, гэта значыць ідэнтычны з варыянтам Лукашэнкі.

Аптымальная схема для Масквы цяпер выглядала б так:

- незалічэньне сабраных за мяне галасоў. Вынік: закрыцьцё мне дарогі ў Беларусь;

- нерэгістрацыя Мілінкевіча. Вынік: скіраваньне ягонай групы на байкот выбараў і на разбурэньне гэтым самым Народнага галасаваньня;

- стварэньне прыймальнай для Масквы структуры выбару.

Менавіта: Лукашэнка-Гайдукевіч і Казулін. Вынік: сітуацыя дае магчымасьць беспраблемна "выйграць" выбары Лукашэнку і раскруціць Казуліна на новага лідэра падстаўной апазыцыі.

Заўвага: Калі ў выніку Народнага галасаваньня ўзьнікне 2-гі тур, гэта будзе абазначаць крах Лукашэнкі. У гэтай сітуацыі Масква будзе старацца праштурхнуць А. Казуліна. Беларусы павінны быць уважлівымі. Прынцып афіцыйных выбараў ня зьменіцца. Галасаваць трэба будзе толькі па схеме Народнага галасаваньня.

Зянон Пазьняк