НАЦЫЯНАЛЬНАЯ КНІГА — ВЯЛІКІ ПАКАЗЧЫК КУЛЬТУРЫ

28 студзеня 2006 г. Швэдская газэта "Svenska Dagbladet" дае агляд новых кніг, што выйшлі ў сьвет у швэдскіх выдавецтвах. У цэнтры ўвагі твор І. Эгэхорн, прысьвечаны жанчынам у тэксьце Сьвяшчэннага Пісаньня і біблейскай гісторыі.

Наш камэнтар: Пры ўспамінах пра швэдскае кнігавыдавецтва, душу ахоплівае белая зайздрасьць. У 1999 г. я ўбачыў сапраўднае царства кнігі на кніжным кірмашы ў Гётэборгу. Кожны беларус, што любіць кнігу, перажыў бы там станоўчы стрэс. На экспазіцыі памерам у некалькі футбольных палёў разьбягаліся вочы: тысячы і тысячы кніг пра ўсё, уся клясыка і мадэрн, энцыкляпэдыі і падручнікі. І ўсё па-швэдску, на даволі лякальнай і маргінальнай (у параўнаньні, скажам, з ангельшчынай) мове. Нацыя з сямі мільёнаў чалавек (яшчэ мільён імігрантаў) ня толькі не адмовілася ад сваёй моўнай спадчыны, але і дае прыклад нам — 10-мільённаму народу, як трэба любіць сваё. Для швэдскай эліты і моладзі няма праблемы з білінгвізмам, яны добра размаўляюць па-ангельску (але ніколі не назавуць ангельшчыну роднай мовай). Цэлыя арміі выдаўцоў, ілюстратараў і перакладчыкаў забясьпечваюць швэдаў кнігамі на роднай мове на ўсе магчымыя тэмы. Нікога не зьдзіўляе, што мясцовая дасьледчыца напісала кнігу пра жанчынаў у біблейскай гісторыі. Ды што там швэды! Нават у савецкі час у суседзяў-летувісаў можна было прачытаць па-летувіску і пра крыжовыя выправы, і пра кітайскіх імпэратараў, і пра Дэ Голя (у незалежнай Летуве мы бачым сапраўдны трыюмф летувіскай кнігі). Расейскія акупанты ўсё жыцьцё заганялі нас у вузкія рамкі краязнаўства, імкнуліся даказаць што "вакном у сьвет" для беларусаў зьяўляецца выключна велікій і могучій язык самых акупантаў. У беларускіх выдавецтвах атабарыўся легіён прыстасаванцаў і прыслужнікаў акупантаў (па-за рэдкім выключэньнем), якія кляпалі масавыя тыражы расейскіх кніг і не дапускалі нармальнае існаваньне кнігі на беларускай мове. Літаратурны пераклад практычна не існуе як традыцыя, як школа ў Беларусі (гэбоўскі "ін'яз" такой "несур'ёзнай" тэмай ніколі не займаўся). Ганебная практыка актыўна аднавілася пасьля 1994 г. і набірае абароты. Мізэрныя тыражы, абсечаная тэматыка кніг на беларускай мове — гэта толькі адзін са сродкаў гвалтоўнай русіфікацыі Беларусі, адзін з мэтадаў зьнішчэньня нашай культуры. Усёй гэтай злачыннай практыцы будзе пакладзены канец у першы ж дзень дэмакратычнай, сапраўды незалежнай Беларусі.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ