НІЗКІ ЎЗРОВЕНЬ

30 студзеня 2006 г. Нарвэжская газэта "Aftenposten" паведамляе пра падрыхтоўку ў Англіі аўкцыёну, на якім зьбіраюцца прадаць 21 акварэль аўтарства Адольфа Гітлера. Выстаўлена пачатковая сумма ў мільёны фунтаў. Цяпер вядзецца грунтоўная экспэртыза па канчатковаму высьвятленьню аўтарства раней невядомых артэфактаў. Гітлер намаляваў гэтыя краявіды ў 1916-18 гг. у Францыі, падчас вайны.

Наш камэнтар: Зразумела, што цікаўнасьць да акварэляў выклікаюць зусім не мастацкія якасьці. Кліентаў прыцягвае асоба "акварэліста". Яны будуць шумець і спрачацца, павышаць стаўкі пад грукат малатка. А потым схаваюць гітлеравыя малюнкі ў браніраваны сэйф у якасьці капіталу, што не паддаецца дэвальвацыі. Ужо напярэдадні аўкцыёна інфармацыйная хваля пракацілася па ўсім сьвеце. Мабыць, няма чым больш заняцца эстэтам і аматарам сувэніраў. Замест таго, каб прыгледзецца ўважліва да твораў таленавітай моладзі і непрызнаных старэйшых мастакоў ды закупкамі падтрымаць іх, вядзецца пагоня за тандэтнай сэнсацыяй. Усё гэта мае прысмак дрэннага густу. Зьбіраньне сатанінскіх рэліквіяў пад выглядам мастацкага калекцыянаваньня сьведчыць пра нізкі інтэлектуальны ўзровень публікі, якая гэтым займаецца. Арыентуючыся на Эўропу, беларусам трэба цьвяроза ацэньваць заходнюю цывілізацыю, крытычна аналізаваць калейдаскоп яе праяваў і адмяжоўвацца ад рознага вычварэнства.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ