КУСТАРНЫ ВЫРАБ “АПАЗЫЦЫІ”

4 лютага 2006 г. Румынская газэта "Adev?rul" паведамляе пра разьвіцьцё "дачнай справы" у маскоўскім судзе. У ліпені летась пачалося сьледства па гэтай справе ў дачыненьні да Міхаіла Касьянава, былога прэм'ер-міністра Расеі (2001-04 гг.). Касьянаву інкрымінуюць пакупку па надта заніжаных цэнах раскошнага маёнтку ў прэстыжовым раёне каля Масквы. Ён называе гэта "палітычным перасьледам".

Наш камэнтар: Калі Касьянаў со товарішчі краў, знаходзячыся на сваёй пасадзе, ніякага перасьледу не было. Як толькі яго вытурылі з крамлёўскай абоймы, пачалася судовая справа і адначасова палітычная дзейнасьць новага "апазыцыянэра" рэжыму Пуціна. Нам гэта ўся валтузьня нагадвае скандальную замалёўку з "вялікім апазыцыянэрам" М. Чыгіром. Ён таксама верна служыў пэўны час шклоўскаму рэжыму на пасадзе прэм'ера РБ, хадзіў на задніх лапах і віляў хвосьцікам перад галоўным гаспадаром. Потым яго вытурылі з бліжэйшага навакольля і ... пачалося. Цікава, што яшчэ ў 1998 г. роўна за год да пачатку "гераічнай адысеі" Чыгіра Зянон Пазьняк напісаў артыкул, у якім папярэджваў аб падрыхтоўцы раскруткі адстаўнога лукашыста ў якасьці новага лідэра псэўдаапазыцыі. У 1999 г. усё так і адбылося. "Незалежныя" СМІ, прагматыкі-вінцучкі і іншыя з псэўдаапазыцыі пачалі шумець, што ставіць на прэзыдэнцкіх выбарах трэба на Чыгіра. Пад гэты шум рэжым нават садзіў Чыгіра ў турму на Валадарцы ў Менску. Памятаем, як на Чарнобыльскім Шляху 1999 г. нейкія цёткі крычалі: "Свободу Чигирю-ю-ю!" Гэта была першая такая спроба лубянскай канторы заблытаць беларускіх адраджэнцаў, прымусіць іх статкам авечак пабегчы за адным з шклоўскіх жулікаў, заняцца пустой справай, забыцца на змаганьне за Беларусь. Чыгір быў першым маштабным падстаўным у антыбеларускай гульні Масквы. Потым мы пабачылі няўклюдна зьлепленых "герояў" Домаша, Ганчарыка, генэрала Фралова, Казуліна, Мілінкевіча. Чыгір і першыя тры з названых ужо даўно праваленыя і забытыя. На іх месца ў нішу для падстаўных антыбеларускія сілы ўціснулі адразу дзьве фігуры — Казуліна і Мілінкевіча. Кампазіцыя ў стылі "Рабочы і калгасьніца" савецкай скульптаркі Мухінай ўражае сваёй абсурднасьцю. Адзін з другім "дамаўляюцца пра ўзаемную падтрымку" на выбарах і працягваюць далей выконваць праект сваіх гаспадароў па ачмурэньню беларускага і міжнароднага грамадзтва. У іншай якой краіне іх бы засьмяялі, сказалі б: "Кудой вы пнецеся, падстаўныя? Навошта вы расчышчаеце дарогу дыктатару?" А грамадзтва спытала б у абодвух "дэмакратаў": "Навошта тады было гарадзіць гарод з кангрэсам дэмсілаў і выбарамі аднаго кандыдата ад усіх магчымых дэмакратаў? Вас жа ўся роўна два..." На жаль, у пэўнай часткі беларускага грамадзтва (таксама ў некаторых маладых людзей) не ўзьнікае такіх натуральных пытаньняў. А задаваць такія пытаньні трэба, каб не абдурылі зноў чарговыя менскія "касьянавы".

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ