КРЫМІНАЛЬНАЯ “АРМІЯ”

9 лютага 2006 г. Швэйцарская газэта "Neue Zuercher Zeitung" піша пра злачыннасьць у расейскай арміі. Журналіст актыўна цытуе публічны выступ галоўнага ваеннага пракурора РФ А. Савенкова. Той называе лічбы і адсоткі, якія заходнік выкарыстоўвае ў якасьці галоўнага матэр'ялу для свайго артыкулу. Сярод лічбаў Савенкоў зрабіў цікавую канкрэтную ўстаўку. Калі раней "дзяды" проста зьбівалі маладых жаўнераў на горкі яблык, і можна было прадставіць суду і сьледству сьляды зьбіцьця і траўмы, то цяпер мэтады зьдзеку сталі больш вырабленымі: "дзяды" ня бьюць, а заламваюць маладых на цэлыя гадзіны ў такія позы, што ў выніку спыненьня краватоку падчас катаваньняў трэба потым ампутаваць зьмярцьвелыя часткі маладых целаў.

Наш камэнтар: Швэйцарэц прыгадвае і шэрагоўца Сычова, і афіцыйную статыстыку. Нават мінакоў на вуліцы апытвае, падаючы адсоткі за і супраць шалёнай арміі Іванова. Заходнік верыць афіцыйнай статыстыцы, якой ужо ня вераць самы расейцы. Ну, а калі б пракурор Савенкоў сказаў бы, што катаваньняў у арміі няма, што б тады пісаў заходні спэц? Гэтая публіка ніколі не навучыцца аналізаваць расейскае жыцьцё і расейскія драмы. Ім нават не здаецца дзіўным увесь гэты вэрхал вакол няшчаснага Сычова. Цяпер штогадзіну ўсе расейскія тэлеканалы паведамляюць: "Сычова вязуць у Маскву на самалёце... Сычова даставілі ў ваенны шпіталь імя Бурдэнкі ў Маскве, маці побач з жаўнерам... генэрал мэдслужбы паведамляе пра плянуемую апэрацыю шэрагоўца Сычова..." На працягу двух тыдняў малады скалечаны жаўнер зажыва гніў у чалябінскім шпіталі, ніхто ім не цікавіўся (бо банальны выпадак у расейскім войску), міністар Іваноў казаў, што "нічего не проізошло". А калі жудасная праўда вырвалася на паверхню і ўскалыхнула нават стаячае балота расейскага грамадзтва, то забегалі генэралы мэдслужбы і паляцелі самалёты. Да швэйцарца так і не дайшло, што адбылося ў ардынскім войску. Ён ня здольны зразумець гэтага, бо чытаў Талстога з Дастаеўскім, але так нічога і не зразумеў.

Бачыць жудасную расейскую рэчаіснасьць, бараніць нашу моладзь ад кашмарнай расейскай арміі павінны мы — беларусы. Таму што пра расейскую імпэрыю і яе войска мы не ў раманах чыталі, а перажылі ўсё гэта на сваёй скуры. Прычым, трэба памятаць, што мілінкевічы з казулінымі і вінцучкамі не паклапоцяцца аб абароне нашай дзяржавы і моладзі. Днямі яны ўсёй сваёй псэўдаапазыцыйнай хеўрай езьдзілі на паклон да баяраў у Маскву. Там абмяркоўвалі "проблемы союзного государства Россіі і Белоруссіі", атрымлівалі заданьне на чарговы этап продажы незалежнай Беларускай дзяржавы. Сваіх сынкоў яны ўладкавалі ў эўрапейскія інстытуты, падалей ад "союзного государства". На забой яны гатовыя аддаць у расейскую армію сыноў простых беларусаў. Не, вядома ж яны ня хочуць зла свайму народу, але тое як яны сябе паводзяць да гэтага вядзе. Вось такія "протівнікі Лукашенко".

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ