ПАРТЫТУРА “ВЫБАРАЎ”

Пасьля заканчэньня збору подпісаў сітуацыя з "двайным кандыдатам" стала ня тое што празрыстай — ілюстратыўнай. Казулін, Мілінкевіч паехалі у Маскву засьведчыцца. Перад гэтым яны паспрачаліся пра "падтрымку". Казулін: "Мы ім прапануем далучыцца да нас. Яны нам скажуць: нас Эўропа падтрымлівае, ну добра, можа, нас хто іншы падтрымлівае" (радыё "Свабода", 4 лютага).

У Маскве абодва засьведчылі сваю адданасьць, асабліва Мілінкевіч, які выказаў шкадаваньне, што "расьце колькасьць людзей, якія ня вераць ў "саюзную дзяржаву", і прапанаваў: "сначала мы построим отличнейшие отношения экономические, а потом будем думать о других видах интеграции", а ў канцы пагадзіўся з расейскім міністрам вайны Івановым, што "хотим мы или не хотим, а Александр Григорьевич будет опять президентом" (радыё "Эхо Москвы", 6 лютага). Казулін быў борльш стрыманы (публічна).

Складваецца ўражаньне, што Лубянка цяпер вырашае пытаньне здымаць ці не здымаць Мілінкевіча (Ярмошына выканае любы загад). Абодва варыянты ў руках Масквы. Калі Мілінкевіча пакідаюць, значыць стаўка толькі на Лукашэнку застаецца ў сіле. Будуць рабіць "элегантную". Калі Мілінкевіча выкідваюць — гэта значыць, што разглядаецца магчымасьць замены Лукашэнкі на слабога, але больш зручнага Казуліна. Пры гэтым генэральная стаўка на Лукашэнку застаецца, але з Казуліна адкрыта будуць ляпіць прамаскоўскага "лідэра" падстаўной апазыцыі. (Улічым, што Лукашэнка будзе весьці сваю тактыку, каб ацалець).

Рэальнай альтэрнатывай гэтым маніпуляцыям зьяўляецца толькі Народнае Галасаваньне.

Выхад Казуліна-Мілінкевіча з выбарчай кампаніі немагчымы і быў бы безвыніковы (рэжым страхуецца Гайдукевічам і ўлада застаецца ў Лукашэнкі).

Народнае Галасаваньне — гэта законнае і адкрытае змаганьне з рэжымам. Беларуская эліта, аднак, сьведчыць сваю нерашучасьць і жаданьне пазьбегнуць адкрытай барацьбы. Частка падтрымлівае рэжым, частка йдзе ў тупік з Мілінкевічам; больш прагматычная група (хаця куды ўжо "больш") супрацоўнічае з Казуліным. Змагарная частка беларускай эліты гатовая ўдзельнічаць ў Народным Галасаваньні.

Але нават пры гэтай сітуацыі застаецца магутны шанц перамогі над рэжымам праз Народнае Галасаваньне, якое можа перамагчы ў рашаючых пунктах сістэмы.

Зянон Пазьняк