ГЭБОЎСКІ РЭЖЫМ ЗЬДЗЕКУЕЦЦА НАД ЭРНЭСТАМ САБІЛАЙ

Эрнэста Сабілу ведаюць усе. Моцная легендарная асоба, вядомы пратэстанцкі сьвятар. У 1951 годзе за Веру і Беларусь рускія сталіністы прыгаварылі яго да расстрэлу. Потым, аднак, пакінулі жыць і далі 25 гадоў сібірскага лягеру, меркавалі, што згіне там. Але з Богам у сэрцы Сабіла выжыў і вярнуўся ў Беларусь. Гэта пастар, які побач зь іншымі сьвятарамі, багаславіў Бібліяй ў 1989 годзе ў Вільні на Устаноўчым Зьезьдзе Беларускі Народны Фронт.

Беларускую ідэю не маглі яму дараваць гэбоўскія ворагі чалавецтва і ў мінулым годзе расправіліся зь "Беларускай Эвангельскай Царквой", зачынілі яе суполку, зноў перасьледуюць ужо старога, але моцнага Верай і беларускім духам Сабілу.

Беларускаму пратэстанцкаму пастару пагражаюць арыштам патрабуюць, каб ён заплаціў судовы падатак за ліквідацыю і суд над ягонай арганізацыяй. Судовы працэс ініцыяваў Менгарвыканкам, але плаціць за гэта прымушаюць пастара зьліквідаванай суполкі.

Эрнст Сабіла абураны дзеяньнямі судовых уладаў.

Сьвятару пагражаюць, што вылічаць грошы зь ягонай пэнсіі. Яго папярэдзілі, што прыедуць дахаты і апішуць маёмасьць. За працэдуру апісаньня ягонай "маёмасьці" ён таксама мусіць будзе заплаціць дзесяць мінімальных заробкаў. Апроч таго, сталага чалавека папярэдзілі, што арыштуюць яго на 15 сутак. (25 гадоў за Веру гэтай прамаскоўскай бандзе яшчэ, аказваецца, мала.)

Сабіла: "Яны ж самі выклікалі мяне ў суд, зладзілі там судзілішча, зьліквідавалі царкву. Дык яшчэ й заплаці ім за гэты зьдзек. Я ня маю намеру плаціць, мая пэнсія вельмі малая. Паводле закону прадстаўляюць царкву заснавальнікі. Але ж зьявілася прычына пазьдзекавацца, задаволіць свой садызм. Гэта запалохваньне, каб людзі не стваралі пратэстанцкіх цэркваў, каб людзі не адчувалі сябе вольнымі, каб разганяць гэтыя эвангельскія суполкі.

Я колькі буду жыць, ад сваіх хрысьціянскіх перакананьняў не адмоўлюся. Не адмоўлюся і ад сваёй беларускасьці і буду доўжыць дзейнасьць у накірунку беларускага хрысьціянства. Калі трэба будзе, то пойдзем на любую ахвяру. За Хрыстом пойдзем.

Ніхто ня можа забараніць людзям маліцца. Будзем маліцца па-беларуску, чытаць Біблію па-беларуску, сьпяваць па-беларуску... Такія мы, беларускія хрысьціяне".

Такі сапраўдны чалавек і моцны беларус Эрнэст Сабіла. Гэтакія людзі побач з намі, якраз імі магутны ёсьць Беларускі Народ.

Зянон Пазьняк

Паводле радыё "Свабода", матэрыял Л. Лунёвай