ПРАМАСКОЎСКІЯ ЛЮДЗІ НАЗЫВАЮЦЬ БЕЛАРУСАЎ “БЫДЛАМ” І ЕДУЦЬ У МАСКВУ

Сёньня ў Маскве ў офісе так званага "саюзу правых сіл" адбудзецца "прэзэнтацыя" перадвыбарчай праграмы Мілінкевіча. Туды ж накіроўваюцца Анатоль Лябедзька, Яраслаў Раманчук і камуніст Калякін. Гэтая публіка ўжо не хаваецца, скінулі маскі і — "ў Маскву". Перасталі нават гуляць у "клопаты пра беларускі народ", дзеля якога склалі нібыта праграмку. Навошта, калі ён для іх — "быдла". У Маскву.

11-га лютага пра асноўныя публікацыі камуністычнай газэты "Товарищ" расказваў намесьнік галоўнага рэдактара Дзімітры Яненка:

Яненка: "Галоўны матэрыял нумару выйшаў пад назвай "Быдла" — беларускі народ павінен задумацца над тым, каб быць грамадзянамі а ня быдлам..." (радыё "Свабода", 11.02.2006.). Вось так. Вядома, беларускія людзі маглі гэтага і не пачуць (колькі там слухае тое радыё ды яшчэ на кароткіх хвалях), але калі такое гаворыцца, значыць ведаюць беларусафобы, што ніхто іх за гэта не заб'е, пры гэбоўскай "дэмакратыі" і не такое можна казаць.

А вось выказваньне перад чарговай паездкай ў Маскву беднай марыянэткі гэтых "савецкіх мудрацоў" пра так званае "союзное государство" Ельцына-Лукашэнкі.

Мілінкевіч: "Сёньняшняя пабудова саюзнай краіны — там больш рыторыкі, больш мітаў, чым праўдзівых адносінаў, перш за ўсё эканамічных. Чаму не ідзе справа? Таму што базіс закладзены дрэнны. У эканоміцы ў нас ўсё горш і горш. І мы прапануем прагматычныя адносіны, якія грунтуюцца на ўзаемных дамовах. Мы не зьбіраемся адразу, калі прыйдзем да ўлады, ануляваць усё, што было дамоўлена" (радыё "Свабода" (15.02.2006). Уся гэтая падлыжнасьць, аднак, пусты звон, Масква ўжо ім сказала хто будзе прэзыдэнтам, але звоніць ён пад бой курантаў. Гэтае цынічнае халуйства ўражвае. Нават незабыўны Ганчарык да такога не даходзіў.

Расейцы задаволеныя і дзелавіта падказваюць што трэба рабіць. Расейскі палітоляг Сяргей Маркаў: "Мілінкевічу тут трэба пераадолець падазрэньне, што гэтак, як Юшчанка, у выпадку свайго прыходу да ўлады, ён будзе праводзіць палітыку антырасейскую". Вось яны і стараюцца, хоць разумеюць, што ніякага іхняга "прыходу да ўлады" не плянуецца. Нізкія паводзіны.

Тамаш Ракса, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ